Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/244

Гэта старонка не была вычытаная

БЭРНАРДЫНСКІ КАСЬЦЁЛ Ў ВІЛЬНІ.

моркавыя скляпеньні (Zellengewölbe), без нэрвюр, з абапорай на куты памяшканьня. Іншыя часткі будынку ў цяперашні час перакрыты нэрвюрнымі крыжовымі скляпеньнямі, якія, здаецца, ёсьць вынік пазьнейшае пераробкі. Не зважаючы на гэта, аднак, уся нутраная прастора касьцёлу цалком захавала свой пачатковы позьня-готыцкі характар, які ў аснове сваёй яшчэ набліжаны да ўзораў паўночна-нямецкае царкоўнае готыкі.

Як мы ўжо зазначалі, аднак, пры ўсіх гэтых рысах, агульны надворны выгляд Бэрнардынскага касьцёлу выяўляе ўжо зусім новы стылістычны характар, дзе цалкам адкінуты звычайныя архітэктурныя эфэкты нямецкае царкоўнае готыкі, з заменай іх на нейкі сваеадменны, крыху болей суровы і важкі, але надзвычайна паважны монумэнталізм. Галоўную ролю тут, зразумела, грае асноўны мотыў рагавых веж, які грунтоўна відазьмяняе ўсё аблічча будынку і ў той самы час надае яму асаблівую формальную закончанасьць. Нават цяпер, калі дзьве першапачатковыя вежы перабудованы нанова, і толькі адна ўсходняя вежа захавала цалком ранейшую сваю конструкцыю, агульнае ўражаньне ад Бэрнардынскага касьцёлу застаецца глыбока суцэльным і строгім, дазваляючы залічыць гэты помнік у лік найлепшых помнікаў беларускага касьцёльнага будаўніцтва, дзе наглядаецца адзін з першых крокаў да вызваленьня беларускае готыкі ад чужаземных прыёмаў і форм у напрамку да самастойнае, і вельмі ўдала знойдзенае архітэктурнае концэпцыі. Але да гэтага ўражаньня шмат спрычыняецца і тое, што ня толькі ў агульнай композыцыі будынку, але і ў паасобных частках яго мы тут знаходзім ужо элемэнты таксама відазьмененага і абноўленага стылю, які далучае да готыцкае конструкцыйнае асновы зусім новыя прыёмы дэкорацыі, ды іншыя дэталі, ператвараючы гэтую аснову ў істотна адменных формах. У першую чаргу гэта ласьне датычыць веж, з якіх, зразумела, мы вылучаем на першы плян усходнюю, як цалкам нязьмененую і захаваную ў сваім першапачатковым выглядзе.

Запраўды, вежа гэтая, разам з апісанай намі вышэй і цяпер ужо зьнішчанай Францішканскай званіцай, нават узятая паасобку, бяз сувязі з агульнай архітэктурнай масай касьцёлу, можа лічыцца за адзін з найболей выдатных помнікаў віленскага будаўніцтва. Варта ўвагі, напрыклад, з якім захапленьнем пісаў аб ёй у свой час вядомы польскі дасьледчык, проф. М. Сакалоўскі, зазначаючы, паміж іншым, што “калі-б гэтая вежа была вышэй і болей па сваіх памерах, і калі-б яна стаяла асобна, — дык яна магла-б зьявіцца для Вільні тым самым, чым для Флёрэнцыі зьяўляецца Campanile”[1]. З свайго боку, мы ў гэткай ацэнцы ня бачым перавялічэньня, бо і фактычна як Бэрнардынскі касьцёл цалком, так, магчыма, і яго паасоб-

  1. М. Sokolowski: Dwa gotycyzmy, стар. 4.