Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/246

Гэта старонка не была вычытаная

БЭРНАРДЫНСКІ КАСЬЦЁЛ Ў ВІЛЬНІ.

звычайных контрфорсаў, якія засталіся ў Бэрнардынскім касьцёле толькі ў альтарнай апсідзе. Нарэшце, вельмі сваеадменны характар мае і наагул уся дэкорацыйная апрацоўка вежы, якая складаецца з ніш і пралётаў, ужо пазбаўленых востралукаў, але закончаных паўцыркульнымі аркамі. Асобныя паверхі вежы выразна падзелены па гарызонталях, абхопленых гзымсамі або перарванымі рэльефнымі паяскамі; у фасадных палёх, апроч таго, сустракаецца яшчэ і вэртыкальны падзел з дапамогай пілястраў; усё гэта разам узятае стварае гармонічнае і лёгкае расчляненьне корпусу вежы, разрахаванае на самы тонкі эфэкт модуляцый сьвятла і цені, прычым у гэтым формальным багацьці канчаткова зьнікае той абаронны характар вежы, які яна ў запраўднасьці мела, і які робіцца амаль што няпрыкметным з агульнага выгляду, паколькі спэцыяльныя абаронныя прылады, а ласьне рознастайныя бойніцы, дасканала схаваны тут у складанай сыстэме дэкорацыі. Чым вышэй, тым гэтая дэкорацыя набывае ўсё большую складанасьць і эфэктоўнасьць, прычым найболей удалага разьмеркаваньня элементаў аздобы дасягае самы горні паверх з яго багатымі абрамаваньнямі бойніц, атынкаванымі нішамі і навакольнай аркатурай. Усюды, пры гэтым, зьвяртае на сябе асаблівую ўвагу асноўная просталінейнасьць абрысаў, выразнасьць ня толькі вэртыкальных, але таксама і горызонтальных падзелаў, і нарэшце выключнае ўжываньне паўцыркульных арак, што адбівае ў сабе характэрную для беларускае готыкі новую стылістычную плынь.

Як-бы, аднак, ні былі цікавы ўсе гэтыя дэталі Бэрнардынскага касьцёлу, — усё-ж з найбольшай увагай мы павінны ізноў вараціцца да яго агульнай конструкцыі, якая мае найболей істотнае значэньне. Мы ўжо зазначылі, што ў даным выпадку першы раз у беларускай архітэктуры мы сустракаем больш-менш ясна аформлены тып умацаванага царкоўнага будынку з рагавымі вежамі, што зьявілася пачаткам цікавага процэсу самастойнага разьвіцьця беларускае царкоўнае готыкі ў новым стылістычным напрамку. У гэтым сэнсе Бэрнардынскі касьцёл вызначыў ужо зусім выразную мяжу, пасьля якой разьвіцьцё готыцкага будаўніцтва ў Беларусі зрабілася значна болей органічным, выяўляючы свае асноўныя формы не з беспасрэднага перайманьня чужаземных узораў, але з сваіх уласных ранейшых тыпаў, прыёмаў і традыцый.

Нельга, зразумела, адмаўляць, што ў готыцкім будаўніцтве Беларусі ў пэўны час мелі важнае значэньне таксама і гэтыя чужаземныя ўзоры, з якіх вынікалі такія на свой манер дасканалыя, хоць і пазбаўленыя самастойнасьці помнікі як, напрыклад, касьцёл Ганны. Але значэньне гэтае захавала сваю моц толькі да пэўнага моманту, паколькі побач з тым у Беларусі яшчэ захоўвалася і ўласная архітэктурная традыцыя, узгадаваная за некалькі сталецьцяў рознастайнага монумэнтальнага будаўніцтва.