Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/249

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

гавымі вежамі. Але веж гэтых, замест Бэрнардынскіх трох, зьявілася тут ужо чатыры, а таксама вядомая розьніца наглядаецца ў пропорцыях: будынак мае адносна меншую даўжыню і значна болей высокі дах з болей стромкімі спадамі, агульная вышыня якога такая самая як і вышыня асноўных муроў ад грунту да горняга краю. Рысы гэтыя, у параўнаньні да Бэрнардынскага касьцёлу, надаюць будынку Сынкавіцкай царквы болей монумэнтальны характар, і разам з тым крыху відазьмяняюць агульныя абрысы знадворнага перакрыцьця, паколькі стромкі дах уздымаецца тут вышэй за рагавыя вежы.

Аднак, яшчэ большую розьніцу мы знаходзім тут у дэталях самай канструкцыі, прычым выяўляюцца некаторыя зусім новыя і надзвычайна важныя яе элемэнты. Перш за ўсё, мы тут сустракаем задавалася-б зусім нечаканую архаічнасьць агульнага пляну. Не зважаючы на чыста готыцкую апрацоўку муроў і скляпеньняў будынку, плян яго вытрыманы ў характары старадаўніх плянаў шасьціслуповых цэнтральна-кумпальных бізантыцкіх цэркваў, што можа сьведчыць аб паўторным звароце старой, яшчэ з XII сталецьця ня згубленай традыцыі. У пляне Сынкавіцкая царква мае выгляд выцягнутага прастакутніку, які разьбіты з дапамогай шасьці нутраных слупоў на тры прадоўжаныя нэфы, закончаныя з усходняга боку паўкруглымі апсідамі. Аналёгія да бізантыцкага пляну тут ствараецца поўная, і толькі ў асобных частках ён мае вядомае ўскладненьне праз новыя дадаткі, а ласьне праз невялічкі, асобна прыбудаваны прытвор з заходняга боку, і праз чатыры рагавыя вежы, дзьве з якіх у пляне круглыя, а дзьве васьмісьценныя; вежы гэтыя, аднак, амаль што выдзелены, і толькі дакранаюцца рагоў асноўнага простакутніку, злучаючыся з памяшканьнем царквы з дапамогай нутраных праходаў, зробленых у яе вельмі тоўстых мурох.

Было-б, аднак, памылкай лічыць, што ў Сынкавіцкай царкве мы маем справу з беспасрэдным аднаўленьнем бізантыцкае архітэктурнае схэмы, бо, не зважаючы на бізантыцкі ў сваёй аснове плян, мы тут знаходзім у самай істоце адменную агульную концэпцыю будынку, дзе плян гэты атрымаў чыста готыцкую апрацоўку у сваім конструкцыйным аформленьні, ствараючы новы, сынтэзаваны архітэктурны організм цалком орыгінальнага тыпу. Па сут-