якраз да цэнтральна-эўропейскіх старажытнасьцяй, паказваючы або на чыста заходні напрамак сувязі, або праз Заходнюю Дзьвіну, з пасярэдніцтвам прыбальтыцкіх краін; другі шлях мог ісьці праз Вэнгрыю і Прыдунайскія землі, старажытнасьці якіх, хоць параўнальна яшчэ мала вядомыя, усё-ж у некаторых выпадках выяўляюць пэўнае падабенства да старажытнасьцяй Беларусі.
Тыя самыя шляхі, у асобных выпадках, побач з чыста заходнімі тыпамі прадметаў, часткова рымскага пахаджэньня, маглі занасіць на тэрыторыю Беларусі, яшчэ да пачатку яе самастойных гандлёвых зносін з усходам, тыя з ліку ўсходніх орнамэнтальных форм (зразумела, ня самых прадметаў), якія з даўніх яшчэ часоў былі запазычаны з Усходу ў рымскім ювэлірным мастацтве і праз яго пашырыліся па ўсіх яго эўропейскіх провінцыях; сярод іх можна паказаць, напрыклад, на ўсходнія орнамэнтальныя, так званыя "пэрскія" крыжы, якія сустракаюцца ў эмалевых вырабах, знойдзеных у Беларусі, а таксама на частую форму падвесак у выглядзе поўмесяцаў з апушчанымі да долу рагамі (паводле расійскай архэолёгічнай тэрмінолёгіі - "лунницы"). На гэтым шляху таксама былі магчымы, праўда ўскосныя ўжо, уплывы з боку арабска-сірыйскага орнамэнтальнага стылю, паколькі і Захад у сваёй ювэлірнай вытворчасьці да пэўнай ступені зьяўляўся ад яго залежным, што рабіла магчымым для беларускае тэрыторыі атрымліваць сірыйскія формы ня толькі беспасрэдна з усходу, але таксама і з захаду ці з паўднёвага захаду. Некаторыя тыпы аздоб, напрыклад, — асабліва шкляныя пацеркі і бранзалеты або характэрныя сірыйскія завушніцы ў выглядзе драцянога абручыка з нанізанымі на яго пацеркамі, — часткова дазваляюць прасачыць шляхі такога падвойнага сірыйскага ўплыву як у бок Рыму, так і праз Пэрсію, Каўказ і Прывалоскія краіны, хоць, зразумела, у паасобных выпадках нельга вызначыць пэўна, якім уласна напрамкам тая ці іншая форма дасягала беларускіх абшараў. Так, напрыклад, памянёныя тыпы сірыйскіх завушніц сустракаюцца, як вядома, нават у Гішпаніі і ў іншых рымскіх провінцыях; з другога боку, аналёгічныя тыпы ўласьцівы таксама каўказскім і прывалоскім старажытнасьцям; адзначаючы існаваньне падобнага тыпу таксама і ў архэолёгічных знаходках на тэрыторыі Беларусі, мы, зразумела, ня можам устанавіць, якім ласьне шляхам ён быў занесены ў беларускія межы; абодва шляхі тут адналькова магчымы, — магчыма таксама і адначаснае пашырэньне аналёгічнага тыпу па двох паказаных напрамках. Для пэўнага часу наагул пераход прадметаў і форм сірыйскага пахаджэньня можа быць схэматычна прадстаўлены ў выглядзе нейкага сталага руху ў пэўным кальцы гандлёвых шляхоў, якія разыходзіліся з Сірыі