Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/251

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.


Да гэтага, зразумела, няма ўжо чаго і казаць аб тым, што ўвесь надворны выгляд будынку, як вынікае з паданага намі вышэй адносна яго агульных форм, знаходзіцца ў поўнай супярэчнасьці з абы-якой бізантыцкай схэмай, і выяўляе, замест таго, зусім процілеглыя архітэктурныя тэндэнцыі, якія вынікаюць з яго готыцкай асновы, апрацаванай у падворных масах у сваеадменным, тыповым для беларускае готыкі характары. Гэтая сваеадменнасьць, апроч агульнай чатырохвежавай конструкцыі, таксама наглядаецца тут і ў цэлым шэрагу дэталяй як конструкцыйнага, гэтак і чыста дэкорацыйнага прызначэньня, прычым некаторыя з іх, да вядомай ступені, як-быццам дазваляюць нам болей конкрэтна высьветліць тыя ці іншыя наогул магчымыя крыніцы данага архітэктурнага тыпу.

Асноўным мотывам надворнае апрацоўкі Сынкавіцкае царквы зьяўляецца мотыў паўцыркульных арак у рознастайных адменах і комбінацыях. Востралукі параўнальна маленькіх вокан тут наагул занадта нязначныя, каб граць якую-колечы прыкметную ролю. Але гэтая перавага паўцыркульных абрысаў мае ў некаторых частках будынку выразныя конструкцыйныя падставы ў сувязі з сыстэмай абароннага ўмацаваньня царквы, што можа лічыцца досыць важным для высьвятленьня паходжаньня і генэзы гэтай пашыранай формы, якую мы ўжо адзначалі як форму тыповую для беларускіх адменьнікаў нават позьняе готыкі. Выяўлена гэтая конструкцыйная пагрунтаванасьць у тым, што ўся горняя частка будынку Сынкавіцкае царквы, апроч толькі ўсходняга фасаду, абхоплена магутнай аркатурай, абапёртай на шэраг ступеньчатых патройных кронштэйнаў, якая адпавядае запраўднаму баявому апасаньню будынку і мае ў сабе, у прамежках між арак, шэраг акруглых бойніц, выведзеных з нутраных абаронных памяшканьняў, разьмешчаных на гары царквы над скляпеньнямі і ў яе рагавых вежах. Апошнія таксама абкружаны потым аркатурным поясам з бойніцамі, які, такім чынам, перарваны толькі на ўсходнім муры над альтарнымі апсідамі, што пакідае гэты бок царквы крыху меней умацаваным; але магчыма, што гэта ёсьць вынік пазьнейшых пераробак, напрыклад, у часе рэмонтаў 1841 і 1880–81 г. г., і што раней абаронная аркатура цягнулася наўкола ўсяго будынку цалкам.

Уся гэтая абаронная сыстэма, якая ў надворным сваім выяўленьні ўжо мае ў сабе элемэнты пэўнае дэкорацыйнасьці, бясспрэчна, можа быць пастаўлена ў беспасрэдную сувязь з аналёгічнай сыстэмай абаронных прылад, якую мы ўжо сустракалі ў некаторых частках апісаных намі вышэй віленскіх цытадэльных муроў 1505–1522 году, што сьведчыць аб нейкіх блізкіх узаемных дачыненьнях, якія маглі існаваць у пачатку XVI сталецьця паміж запраўднай ваенна-абароннай архітэктурай і часткова