ЦАРКВА Ў СЫНКАВІЧАХ.
для царкоўнай будовы, дый ужо і вядомая раней, напрыклад у касьцёльнай архітэктуры. Таксама былі захаваны вежы, прызначаныя для абароны галоўнага ўваходу, і ўся сыстэма бойніц у надворнай аркатуры. Але нутраная прастора будынку павінна была ўжо набыць царкоўнае аблічча, і з гэтай мэтай яна была падзелена слупамі, а таксама атрымала спэцыяльны дадатак з супроцьлеглага ад уваходу боку для разьмяшчэньня альтарнае часткі. У магчымых каталіцкіх цэрквах такога тыпу зьявілася, мабыць, адна вялікая апсіда, а ў праваслаўных, згодна з спэцыяльнымі вымаганьнямі культу, а таксама, можа, і з даўняй традыцыяй, — тры апсідальныя прыбудоўкі, што зьвяло ў апошнім выпадку самы плян царквы да бізантыцкае схэмы. Такі мусіў быць першы дапушчальны этап разьвіцьця цытадэльна-царкоўных будынкаў, адпаведныя якому помнікі да нашага часу маглі не захавацца; але аб запраўдным існаваньні чагосьці падобнага мы ўсё-ж маем пэўныя зазначэньні з некаторых старадаўніх крыніц, — напрыклад з рысунку Берасьцейскага Катадральнага сабору, які знаходзіцца на загалоўным аркушы рукапіснае візытацыйнае кнігі берасьцейскіх цэркваў з XVIII сталецьця[1]. Хоць гэты рысунак і вельмі схэматычны, усё-ж, аднак, з яго выразна відаць, што берасьцейскі Катадральны сабор калісьці меў выгляд звычайнага простакутнага будынку з высокім дахам, галоўны фасад якога абаранялі дзьве круглыя рагавыя вежы, аднолькавыя з усім будынкам сваёй вышынёй. Конструкцыя гэтая, яшчэ вельмі блізкая да брамы Субач або якога-колечы іншага аналёгічнага будынку, як бачым, цалком супадае з нашым папярэднім дапушчэньнем.
Далейшае разьвіцьцё цытадэльных царкоўных будынкаў павінна было ісьці ў напрамку іх органічнага ўскладненьня ў мэтах наданьня ім належнае поўнае абароназдольнасьці. Конструкцыя Субачы, зусім прыдатная для мескае брамы, ужо не магла задаволіць усе фортыфікацыйныя патрэбы пры перанясеньні яе ў царкоўны будынак, бо яна мела толькі дзьве вежы з галоўнага фасаду, зьвернутага ў надворны бок, адкуль магла пагражаць небяспека нападу, у той час як задні яе фасад, які выходзіў у места, пакінуты быў, натуральна, без спэцыяльнага ўмацаваньня. Разьмешчаны паасобна, цытадэльны царкоўны будынак, наадварот, ужо вымагаў пасіленае абароны з усіх небясьпечных бакоў, набываючы характар самастойнае абароннае адзінкі. Адсюль вынікала патрэба ў павялічэньні ліку веж, а таксама ў распашырэньні сыстэмы іншых абаронных прылад наўкола ўсяго корпусу будынку. Першы крок у гэтым напрамку зроблены быў, мусіць, у такіх пабудовах як, напрыклад, віленскі Бэрнардынскі касьцёл, дзе зьявілася трэцяя вежа з боку альтарнае часткі, пры беспасрэдным далучэньні
- ↑ Liber visitationum Ecclesiae Cathedralis et Ecclesiarum Brestensium. Рыс. сабору рэпродукаваны ў кнізе Батюшкова: Белоруссия и Литва стар. 141.