Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/256

Гэта старонка не была вычытаная

ЦАРКВА Ў СЫНКАВІЧАХ.

май ступені пояс гэты надаў нейкі асноўны тон усёй орнамэнтыцы будынку, што выявілася ў некаторых частках яго ў перанясеньні аналёгічнага мотыву ў прыёмы чыстае дэкорацыі муроў. Такую дэкорацыю мы бачым на ўсходніх вежах, а таксама на альтарных апсідах, якія на вышыні каля 3 мэтраў абхоплены плоскай рэльефнай аркатурай, складзенай з паўцыркульных арак романскага тыпу, абапёртых на маленькія трыкутныя кронштэйны. Пры крыху меншых агульных памерах, аздоба гэтая цалком узгоднена ў сваёй форме з асноўнай баявой аркатурай, і быццам зьяўляецца нейкім яе дапаўненьнем, вытрыманым у тым самым характары і рытме, што, паміж іншым, стварае зусім сваеадменны эфэкт у альтарнай частцы, грунтоўна відазьмяняючы звычайную трактоўку надворных апсідальных паўкружын. Другая вартая ўвагі форма — гэта высокі конусападобны дах, якім пакрыты альтарныя апсіды ў адпаведнасьці з высокім трыкутнікам усходняга фронтону, што супярэчыць іх бізантыцкаму пляну, але таксама зусім невядома і ў помніках царкоўнае готыкі, і хутчэй набліжаецца да тых прыёмаў перакрыцьця, якія сустракаюцца ў замковых вежах. Цікава, пры гэтым, што тут будаўнік царквы відавочна хацеў паслабіць уражаньне тае трохпадзельнасьці альтарнае часткі, якая была ім дапушчана ў пляне, складзеным з трох паасобных акружын, і абавязкова імкнуўся да аднаго супольнага даху, які перакрыў-бы ўсе тры апсіды разам, і як-мага болей быў-бы набліжаны да правільнага конусападобнага пакрыцьця. З гэтай мэтай ён змушаны быў ужыць орыгінальны прыём падвядзеньня горняга краю апсід пад адну больш-менш правільную паўкруглую лінію з дапамогай зьмяшчэньня ў горніх частках паміжапсідных паглыбленьняў асобных концэнтрычных арачак паступова павялічанага памеру[1].

  1. Трэба зазначыць, што гэты прыём, апроч Сынкавіцкае царквы, сустракаецца таксама і ў некаторых іншых беларускіх будынках. Так, напрыклад, мы знаходзім яго ў віленскай Траецкай царкве ў злучэньні з аналёгічнай апрацоўкай альтарных апсід з дапамогаю дэкорацыйнае аркатуры, што засталося ў гэтым будынку нязьмененым, не зважаючы на пазьнейшыя грунтоўныя яго пераробкі. Гл. Sprawozdania Komisyi do badania historyi sztuki w Polsce, IV, стар. ХCІІІ, табл. 31. Хутчэй за ўсё, ласьне з Беларусі ён быў перанесены і ў Маскву, дзе ён сустракаецца, як вынятак, у саборнай царкве Ражэсьцьвенскага манастыра паловы XVI сталецьця. И. Грабарь: История русского искусства, II, 109.