Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/264

Гэта старонка не была вычытаная

ЦАРКВА Ў МАЛА-МАЖЭЙКАВЕ.

наўкола веж і па апсідзе з дапамогай розных памераў ніш, пераважна з падвойнымі аркамі, сярод якіх абаронныя прылады займаюць зусім няпрыкметнае месца. Крыху іншая дэкорацыя аздабляе заходні фасад, складаючыся з ніш болей значных памераў, адпаведна паднятаму над гэтым фасадам фронтону, і круглага дэкорацыйнага вакна пасярэдзіне над уваходам; але і тут сыстэма абаронных бойніц ня грае ніякае ролі.

Уся гэтая пераважная дэкорацыйнасьць надворнае апрацоўкі Мала-Мажэйкаўскае царквы зьяўляецца, такім чынам, зусім незалежнай ад яе цытадэльнай конструкцыі, у чым можна бачыць асноўную рысу далейшага стылістычнага разьвіцьця ўмацаваных царкоўных будынкаў. Належная прыстасаванасьць будынку да абароны, выяўленая ў вежах, у досыць значным ліку бойніц, і ў спэцыяльных прыладах для аховы ўваходных дзьвярэй у выглядзе падвеснай жалезнай краткі на ланцугох, цяпер ужо зьнішчанай, — ужо не замінае ў даным выпадку таму, каб уся апрацоўка будынку мела ў той самы час і досыць багатую дэкорацыю, адпаведную яго царкоўнаму прызначэньню. Адыходзячы ад суровага ўзору Сынкавіцкае царквы, хоць і захоўваючы яе асноўны тып, беларускае будаўніцтва стварыла тут значна болей лёгкую, болей прыаздобленую будову, дзе абаронная аснова засланілася незалежнай ад яе апрацоўкай надворных форм, і дзе нават часткі беспасрэдна абароннага прызначэньня, як напрыклад вежы, шмат у чым былі трактаваны ў разрахунку на дэкорацыйны эфэкт. Цікава пры гэтым, што такія рысы надворнага выгляду злучыліся тут і з ускладненьнем самае конструкцыі ў нутраным перакрыцьці, дзе, як мы ўжо зазначалі, складаная сыстэма скляпеньняў таксама пераважна служыць дэкорацыйным мэтам. У выніках, надалей разьвіты і болей распрацаваны ў дэталях Сынкавіцкі тып, бясспрэчна, набыў у Мала-Мажэйкаве нейкую адменную формальную выразнасьць з рысамі новае стылістычнае афарбоўкі, з магчымасьцю новага агульнага ўражаньня, не зважаючы на блізкую супольнасьць асноўнае конструкцыі абодвых гэтых будынкаў. Адсюль ужо лёгка было зрабіць і яшчэ адзін крок у тым самым напрамку, і перайсьці ў далейшым да таго найболей складанага і орыгінальнага ўзору беларускае царкоўнае готыкі, які мы знаходзім крыху пазьней у Супрасьлі.



Царква Добравешчаньня ў вядомым Супрасьлеўскім манастыры была заснавана ў 1503 годзе[1], — але няма дакладных вестак, ці з самага пачатку тут распачаў будавацца той самы будынак, які захаваўся да нашага часу, і сколькі ласьне цягнулася

  1. Археографический сборник, IX, 2–3. — Kronika Lawry Supraślskiey.