Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/265

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

яго пабудова. У кожным разе, аднак, паколькі вядома, што нутраны росьпіс царквы паходзіць з 1557 году, — пастолькі бясспрэчна, што ў гэты час будынак быў ужо скончаны, і такім чынам прыблізная дата яго вызначаецца як палова XVI сталецьця. Таксама бясспрэчна, што ён мог паўстаць ніяк не раней, але бязумоўна пазьней за Мала-Мажэйкаўскую царкву, і што наагул па сваіх стылістычных адзнаках ён павінен лічыцца за адзін з самых позьніх, нават апошніх помнікаў беларускае царкоўнае готыкі.

У сваім паступовым разьвіцьці апошняя набыла ў Супрасьлеўскай царкве настолькі сваеадменныя формы, што без знаёмства з усім папярэднім готыцкім будаўніцтвам у Беларусі формы гэтыя нават і немагчыма зразумець. Адсюль вынікаюць тыя характэрныя непаразуменьні зацікаўленых гэтым помнікам, але мала дасьведчаных у гісторыі беларускае архітэктуры аўтараў, якія, падыходзячы да Супрасьлеўскае царквы адразу заўважалі ў ёй усе яе орыгінальныя рысы, пазбаўленыя жадных аналёгій у якім-колечы з іншых помнікаў эўропейскага царкоўнага будаўніцтва, — але заставалася цалком беспараднымі пры ўсялякіх спробах вытлумачэньня гэтай орыгінальнасьці і змушаны былі высоўваць у гэтым пытаньні самыя фантастычныя дапушчэньні. Найболей тыповым прыкладам зьяўляецца тут, здаецца, недарэчная тэорыя П. Пакрышкіна, аўтара монографічнага апісаньня Супрасьлеўскае царквы[1], згодна якой сваеадменныя асаблівасьці гэтага будынку тлумачацца нібыта “жаданьнем мала знаёмага з готыкай будаўніка надаць праваслаўлай царкве готыцкі стыль і цытадэльнае прызначэньне”, рагавыя-ж вежы разглядаюцца як дэкорацыйнае перайманьне маскоўскае пяцікумпаловае схэмы.

Зразумела, адносна гэтай тэорыі нават нельга казаць сур’ёзна, настолькі выразна з самага першага пагляду ўся яе недарэчнасьць. Але мы лічылі патрэбным пра яе памянуць, як пра найболей характэрную ў досыць багатай усё-ж літаратуры аб Супрасьлеўскай царкве. Праўда, пазьнейшыя, ужо адзначаныя намі агульныя працы Іодкоўскага і Шышкі-Богуша, болей правільна зьмясьцілі помнік у Супрасьлі ў групу абаронных цэркваў Беларусі, побач з будынкамі ў Сынкавічах і Мала-Мажэйкаве, — але разглядаючы ўсе гэтыя будынкі выключна ў стасунку да іх “абароннасьці”, абодва гэтыя аўтары ня здолелі вызначыць таго чыста архітэктурнага шляху, які прывёў да сваеадменных форм Супрасьлеўскае царквы, і такім чынам асноўнае пытаньне аб пасьлядоўным разьвіцьці гэтых форм, аб беспасрэдных крыніцах іх па-

  1. П. Покрышкин. Благовещенская церковь в Супрасльском монастыре. — “Сборник археологических статей, поднесенных А. А. Бобринскому”. СПБ 1911.