ЦАРКВА ДОБРАВЕШЧАННЯ Ў СУПРАСЬЛІ.
ла абароннае ролі, і ў лепшым выпадку магла служыць за найболей падвышаны ў будынку наглядальны пункт.
Амаль што такія самыя перакрыцьці маюць і рагавыя вежы, з нязначнымі адменамі ў дэталях. Круглыя корпусы іх пераходзяць на гары ў васьмісьценьнікі, абведзеныя аналёгічнымі цэнтральнай вежы зубчатымі паяскамі, і аздобленыя з дапамогай дэкорацыйных ніш; вышэй знаходзяцца гатовыя палавінныя галоўкі; далей уздымаюцца тонкія празрыстыя васьмісьценьнікі на слупкох, і нарэшце высокія шпілі. Усе гэтыя часткі перакрыцьця як у цэнтральнай, так і ў рагавых вежах маюць жывыя, раздробненыя, але вельмі ўдала знойдзеныя абрысы, так што ўсё заканчэньне будынку згары надзвычайна прыгожа і гармонічна. Але агульны эфэкт яго яшчэ ўзмацняецца часткова ўжо памянёнай намі новай трактоўкай асноўнага перакрыцьця пад васьмісьценьнікам асяродкавай вежы. З абодвых бакоў да двохспаднага даху далучаны тут асобныя, таксама двохспадныя дадаткі, падобныя да г. зв. “бочак”, пашыраных у драўлянай архітэктуры, але вельмі значных памераў, якія ствараюць два дадатковыя самастойныя фронтоны на ўзроўні бакавых фасадаў. У сярэдзінах гэтых фронтонаў перакінуты паўцыркульныя архівольты, абапёртыя ў шырокія гзымсы з зубчатамі фрызамі, а ў самых палёх знаходзяцца дэкорацыйныя нішы і бойніцы. Памеры гэтых бакавых фронтонаў такія самыя як асноўных фронтонаў заходняга і ўсходняга фасадаў, так што ўсё перакрыцьцё зьяўляецца быццам крыжовым, складаючыся з асноўнага двохспаднага даху і папярочнага пакрыцьця аналёгічных абрысаў і ня меншае шырыні. Поўнае адзінства ўсяго гэтага як-бы васьміспаднага даху падмацавана яшчэ і зусім аналёгічнай баковым фронтонам апрацоўка асноўных фронтонаў, дзе мы знаходзім, асабліва ў заходнім, такія самыя архівольты і дэкорацыйныя нішы. Маленькая розьніца палягае толькі ў тым, што асноўны дах мае зусім простыя, а папярочны — крыху выгнутыя спады, у сувязі з чым нязначна адрозьніваюцца таксама і агульныя абрысы фронтонаў.
Сваеадменная орыгінальнасьць конструкцыйных прыёмаў, ужытых пры пабудове перакрыцьця ў Супрасьлеўскай царкве, вызначае амаль што бясспрэчна магчымыя іх крыніцы. Прысутнасьць “бочак”, формы кантовых галовак, конструкцыя і форма асяродкавай вежы, нарэшце характэрныя абрысы горніх частак ў пакрыцьцях веж, — усе гэтыя рысы, хутчэй за ўсё, змушаюць бачыць у перакрыцьці Супрасьлеўскае царквы выразны вынік уплыву з боку драўлянага будаўніцтва, конструкцыйныя формы якога былі перанесены тут у мураваны будынак, часткова таксама ў конструкцыйным, а часткова і толькі ў дэкорацыйным значэньні, што наагул, як вядома, нярэдка здараецца ў архітэктуры.