Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

ціянскае эпохі. У сувязі з гэтым, пры датаваньні беларускіх курганоў зусім немагчыма карыстацца ў якасьці хронолёгічнага крытэрыю фактам прысутнасцьці ці адсутнасьці ў курганным інвэнтары прадметаў, датычных хрысьціянскага культу; пры першапачатковай павярхоўнасьці і абмежаванасьці хрысьціянізацыі насельніцтва, у некаторых выпадках прадметаў гэтых можа і ня быць нават у позьніх пахаваньнях ужо хрысьціянскага часу; з другога боку, прысутнасьць іх таксама яшчэ не дае падстаў, каб пэўна адносіць даны курган да хрысьціянскай (пасьлягнёздаўскай) эпохі, бо яшчэ і ў ранейшыя часы выпадкова занесеныя з захаду рэчы хрысьціянскага культу маглі ўжывацца, побач з іншымі аздобамі, проста з дэкорацыйнымі мэтамі ў агульнай масе рознастайных падвесак; такое зьявішча мы знаходзім, напрыклад, сярод мяранскіх старажытнасьцяй[1]; у Беларусі-ж якраз так павінны, мабыць, тлумачыцца некаторыя знаходкі рагачэўскага раёну, шматлічныя крыжыкі, знойдзеныя ў Драгічыне на Горадзеншчыне[2], і іншыя прадметы.

Найболей важнай хронолёгічнай адзнакай зьяўляюцца, бясспрэчна, монэты, знойдзеныя ў курганох ці ў скарбах, калі разам з імі мы маем тыя ці іншыя рэчы. У Беларусі найболей часта сустракаюцца монэты ўсходнія, як вынік асаблівае інтэнсыўнасьці ласьне ўсходнага гандлю; сярод іх можна вызначыць сасанідзкія, саманідзкія і куфічныя монэты за час з 823 па 1023 год, тыя-ж монэты ў Гнёздаўскім магільніку з 532 па 953 г.; у скарбах вядомы знаходкі антычных, грэцкіх і рымскіх монэт, а таксама хазарскіх VI сталецьця. Радзей трапляюцца монэты заходнія: нямецкія (да канца X сталецьця) і ангельска-саксонскія (да пачатку XI сталецьця). Найболей рэдкімі зьяўляюцца монэты кіеўскія і бізантыцкія, знаходкі якіх налічваюцца толькі адзінкамі. Усе гэтыя даныя, аднак, у кожным асобным выпадку даюць толькі terminus post quem, не вырашаючы пытаньня аб упоўне дакладным датаваньні тых ці іншых прадметаў, і толькі прыблізна вызначаючы тую хронолёгічную мяжу, не раней якой прадметы гэтыя могуць быць намі аднесены.

Для нашай мэты, — г. зн. прыгістарычна-мастацкім разглядзе курганных старажытнасьцяй Беларусі, — няпэўнасьць хронолёгічных дат у адносінах да паасобных прадметаў ці тыпаў, звужвае, зразумела, рамкі тых спэцыяльных задач, якія можна пры гэтым разглядзе паставіць. Аналізуючы паасобныя формы прадметаў, мы рэдка тут маем магчымасьць вызначыць іх генэтычную сувязь паміж сабой, і ў кожным разе, адносна большасьці з іх прымушаны адмаўляцца ад думкі аб іх разглядзе ў чыста

  1. Русские древности, V, 187.
  2. Материалы по археологии России, издаваемые Археологической Комиссией. № 4. Древности Северо-Западного края. СПБ. 1890. Стар. 10-13; табл. II, мал. 10-16.