ЦАРКВА ДОБРАВЕШЧАННЯ Ў СУПРАСЬЛІ.
ўжо быць ужыта па аналёгіі, і для захаваньня суцэльнага дэкорацыйнага адзінства. Пры гэтым яна перайшла і ў такія месцы, якія ўжо ніякай залежнасьці ад драўлянай архітэктуры не выяўляюць, між іншым, нават, і ў нутраную апрацоўку будынку, напрыклад у капітэлі цэнтральных слупоў.
Пераходзячы да нутранога ладу Супрасьлеўскае царквы, трэба перш за ўсё адзначыць тую выключную ролю, якая надана ў агульнай композыцыі будынку яго асяродкавай частцы пад цэнтральную вежаю, што сьцісла зьвязана і з трактоўкай надворных форм, і з тымі крыніцамі, адкуль мы гэтыя формы выводзілі. Як мы ўжо зазначалі, цэнтральная вежа ня мае ў даным выпадку характару толькі дэкорацыйнага дадатку, але настолькі органічна злучана з усёй сыстэмай нутранога перакрыцьця, што ў апошнім, у параўнаньні да папярэдніх помнікаў, асноўная готыцкая конструкцыя засталася грунтоўна відазьмененай, пры захаваньні, аднак, запраўдных позьня-готыцкіх скляпеньняў у паасобных нутраных памяшканьнях. Цэнтральная частка будынку, закончаная згары высокім васьмярыком вежы, хоць і накрытым усярэдзіне кумпальным скляпеньнем, набыла тут зусім іншыя прасторавыя адносіны, ствараючы зусім нязвычайнае ўражанне сярод готыцкіх скляпеньняў і стрэльчатых падпорных арак. Высокі і вузкі пралёт гэтага нутранога васьмярыка, які пачынаецца на вышыні асноўных муроў і цягнецца аж за горні край даху ў выглядзе быццам нейкае нутраное, здолу адчыненае ве-