Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

кароткіх рысак: найболей пашыраны орнамэнт з шэрагу ўскосных, даўжынёй у 1-1,5 сант. ліній, нахіленых пад вуглом 50-60°; да гэтага орнамэнту, у якасьці другой роўналежнай крайкі, далучаюцца часам касыя крыжыкі, як у мсьціслаўскай сякеры; у некаторых варыянтах ускосныя лініі злучаюцца з вэртыкальнымі: рысункі з кароткіх рысак утвараюць завернутыя вяршынамі ўбок вуглы (орнамэнт, аналёгічны рысунку сучасных сялянскіх паяскоў, вядомаму пад назвай «капыдікі»), ордынарныя альбо падвойныя у апошнім выпадку па схэме зігзагападобнай лініі; цікаўным варыянтам зьяўляецца рысунак з вэртыкальных рысак, разьмешчаных асобнымі групкамі, па 10-12 у кожнай, у тры шэрагі. Другая група мае ў сабе орнамэнты з просталінейных геомэтрычных фігур; па колькасьці рысункаў яна далёка меней значная; з іх ліку можна паказаць аздобы з трыкутнікаў, ускосных ромбаў розных памераў і простакутнікаў у горызонтальным палажэньні; найчасьцей фігуры гэтыя, ідучы адна за аднэй, робяць крайкі, складзеныя з трох шэрагаў; у асобных выпадках асабліва выцягнутыя ромбы разьмяшчаюцца ў адзін шэраг, аналёгічна орнамэнту з ускосных ліній. Нарэшце, апошнюю групу складаюць крывалінейныя рысункі: орнамэнтыка гэтага тыпу, найболей рэдкая заўважана намі ў выглядзе хваляпадобнае лініі, у формах кружкоў, ці нават маленькіх круглых кропак, якія часам злучаюцца па тры, зыходзячыся сваімі краямі і разьмяшчаючыся па аднэй простай нахіленай лініі, далей у выглядзе выцягнутых з завостранымі канцамі эліпсаў і, урэшце, у форме сярпоў ці поўмесяцаў[1].

Варта ўвагі, што ўсе гэтыя формы беларускага нэолітычнага орнамэнту, які пераважна, як бачым, мае просталінейны характар, знаходзяць сабе досыць блізкія аналогіі ў помніках скандынаўскага нэоліту і ў прыбальтыцкіх старажытнасьцях ужо пазьнейшае архэолёгічнае эпохі[2], — у той час як у болей позьніх знаходках на тэрыторыі Беларусі пераважаюць акруглыя орнамэнтальныя формы, крывалінейныя мотывы і віткі. Таксама аналёгічныя паказаным намі вышэй тыпы сякер сустракаюцца сярод нэолітычных знаходак Фінляндыі і ў швэдзкіх старажытнасьцях першага пэрыоду бронзавае эпохі[3]. Факты гэтыя магчыма, дазваляюць зрабіць дапушчэньне, што ў гэты час ужо існавала нейкая сувязь паміж тэрыторыяй Беларусі і Скандынавіяй, хутчэй за ўсё праз пасрэдніцтва Прыбальтыцкіх краін.

  1. Для характарыстыкі нэолітычнае орнамэнтыкі намі, галоўным чынам, скарыстаны зборы Беларускага Дзяржаўнага Музэя ў Менску.
  2. O. Montelius. Antiquites sudoises. Stokholm, 1873. №№ 111 а, 123, 391 і інш.
  3. I. K. Aspelin. Antiquités du Nord Finno-Ougrien. Helsingfors, 1877, №№ 64-65, 96-97. Montelius, op. cit., № 96.