Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/33

Гэта старонка была вычытаная

Падобныя-ж формы ажурных кружкоў, разам з адасобненымі орнамэнтальнымі крыжамі, а таксам з іншымі мотывамі, мы сустракаем у вялікіх невядомага прызначэньня ланцугох, узоры якіх знаходзяцца ў Віленскім[1] і Магілёўскім музэях, прычым першы з іх быў ужо не адзін раз апісаны і шырака вядомы ў архэолёгічнай літаратуры пад спэчнаю назваю “віленскае аброці”[2]. Адзін з гэтых ланцугоў мае ў складзе сваім шэраг масыўных бронзавых зьвеньняў у форме праразных кружкоў, даўгіх стрыжняў з насаджанымі на іх кружкамі і орнамэнтальных крыжоў з вушкамі, багата запоўненых чырвонай эмальлю, прычым з аднаго канца да яго далучаны дзьве шырокія пласьцінчатыя падвескі з ліставое бронзы, аздобленыя “пуклёным” орнамэнтам з сфэрычных сэгмэнтаў, кружкоў і простых ліній у розных геомэтрычных фігурак. У другім ланцугу (які, магчыма, не зьяўляецца асобным прадметам, а толькі часткаю першага) уся сярэдзіна складаецца з шэрагу масыўных эмалёвых крыжоў, да якіх далучаны лёгкія, часткова таксама аздобленыя эмальлю падвескі ў выглядзе поўмесяцаў з маленькімі драцянымі падвойнымі сьпіралямі па канцох.

Усе гэтыя прадметы, да ліку якіх можна далучыць яшчэ і некалькі бронзавых пражкападобных фібул з аздобленымі эмалямі асяродкамі і канцамі[3], ствараючы ў курганавых старажытнасьцях Беларусі зусім адасобненую ў тэхнічным і стылістычным сэнсе групу, зьяўляюцца ў той-жа час узорамі досыць значна пашыраных ва ўсходня-славянскіх і некаторых усходніх краінах вырабаў з выемчатай эмальлю таго асобнага тыпу, які сустракаецца ў шырокім раёне паміж Бальтыцкім узьбярэжжам, Волгай, Каўказам, узьбярэжжам Чорнага мора і нізавінамі Віслы. Тып гэты Сьпіцын умоўна вызначае назваю “аланскія эмалі”, ставячы яго ў залежнасьць ад эмаляй рымскіх, як вынік пэўнае пераапрацоўкі рымскіх форм з утварэньнем сваіх уласных стылістычных прыёмаў; але і сам ён зазначае, што тэрмін гэты зьяўляецца чыста выпадковым і прапануецца толькі дзеля пэўнай выгоды, паколькі вырабы гэтага тыпу ў аднолькавай меры сустракаюцца і сярод старажытнасьцяй прыдняпроўскіх славян, і ў курганох наднёманскіх літоўцаў і прыокскіх фінаў, у той-жа час, хутчэй за ўсё, не належачы ані да воднага з гэтых народаў[4]. Што-ж датычыць пытаньня аб беспасрэдным пахаджэньні гэтага тыпу, дый самых вырабаў, — дык да сучаснага

  1. Аддзел Б, №№ 481—482.
  2. Ф. Покровский. Виленский Музей Древностей, табл. XIII. Кондаков и Толстой. Русские древности в памятниках искусства, вып. III, стар. 152. Л. С.(пицин). Предметы с выемчатою эмалью. «Записки Отд. Слав. и рус. арх. Имп. Рус. Арх. О-ва», т. V, вып. 1, стар. 162—164.
  3. Віленскі музэй, аддзел Б, №№ 20, 53-61.
  4. Предметы с выемчатою эмалью, стар. 160—161, 190—192.