Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

моманту яно зьяўляецца нявысьветленым і спрэчным. У архэолёгічнай літаратуры па гэтым пытаньні існуюць розныя пагляды, пакуль што між сабою ня ўзгодненыя. Так, напрыклад, Сьпіцын, не настойваючы на абавязкова аланскім іх пахаджэньні, зазначаў спачатку, што даны тып выемчатае эмалі невядомы ў Заходняй Эўропе, за выключэньнем Усходняе Прусіі, і што ён зьяўляецца продуктам мясцовае вытворчасьці ў межах вызначанага ім, праўда, даволі шырокага раёну[1]; у апошнія часы, аднак, ён, відаць, ужо крыху зьмяніў свой пункт гледжаньня і дапушчае магчымасьць заходняга пахаджэньня эмалёвых вырабаў гэтага тыпу[2], прычым ён ужо не адрозьнівае яго ад гэтак званых "барбарскіх" эмаляй з Прыбальтыцкіх раін, якія раней ён лічыў быццам пераходнымі ад рымскіх да аланскіх[3], і, апроч таго, далучае эмалевыя знаходкі Беларусі да ліку прадметаў літоўскае культуры.

Іншых паглядаў трымаецца Aspelin; на яго думку, вырабы з выемчатай эмальлю ў славянскіх, літоўскіх і фінскіх краінах зьяўляюцца вынікам пэўнага ўплыву з боку гоцкае індустрыі, і з гэтай прычыны яны датуюцца ім крыху болей раньнім часам, ніж гэта робіць Сьпіцын, а ласьне III-IV сталецьцем, г. зн. эпохай, калі готы яшчэ ня былі адсунуты на захад прыходам славянскіх плямён[4].

Меней упэўнена і значна болей асьцярожна выказваюцца па гэтым пытаньні Кандакоў і Талстой, пакідаючы яго без канчатковага вырашэньня у самай тэхніцы выемчатае эмалі яны хацелі-б бачыць нейкі паўночны адменьнік паўднёва-эўропейскага, г. зн. у аснове сваёй бізантыцкага эмалёвага майстэрства[5]; але гэты шэраг стылістычных асаблівасьцяй прымушае іх некалькі няясна пасылацца на пэўны ўсходні ўплыў, з зазначэньнем, аднак, што калі ўсходняе пахаджэньне падвесак у форме поўмесяцаў і орнамэнтальнае формы крыжоў і зусім бясспрэчна, дык усё-ж пытаньне аб пераходзе гэтых форм з Азіі ў Эўропу складае спэцыяльную і вельмі складаную архэолёгічную тэму[6]. Гэтую тэорыю аб усходнім пахаджэньні орнамэнтальных мотываў нашых эмаляй часткова падтрымлівае таксама Пакроўскі[7], падмацоўваючы яе досыць няўдалымі пасылкамі на старадаўнія малюнкі коньнікаў на сасанідзкіх сярэбраных блюдах[8]. Апроч

  1. Предметы с выемчатою эмалью, стар. 160, 170, 190.
  2. Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі, стар. 28.
  3. Предметы с выемчатою эмалью, стар. 156.
  4. Antiquités du Nord Finno-Ougrien, 325 і далей.
  5. Русские древности в памятниках искусства, III, 150-152.
  6. Ibidem, 152
  7. Віленский Музей Древностей, XIII
  8. Пар. эрмітажныя экзэмпляры ў "Русских древностях", III, 83-84.