таго, аднак, аўтары "Русских древностей" зварочваюць таксама асаблівую ўвагу і на тое, што месцам масавых знаходак гэтых эмаляй зьяўляецца галоўным чынам, Віленшчына, а часткова - старадаўняя Полацкая зямля, і зазначаюць, што, разам з вядомай орыгінальнасьцю і нязвычайнасьцю самых форм, гэта можа да пэўнай ступені быць паказаньнем на нейкае, магчыма і "самабытнае зьявішча раньняй усходня-славянскай культуры ў самым корані мяняе ранейшыя пагляды на пахаджэньне, разьвіцьцё і асноўнае значэньне самых важных тыпаў старадаўняга народнага, або так званага барбарскага мастацтва Эўропы"[1].
Зразумела, што і пры такой пастаноўцы пытаньня яго зусім нельга лічыць бясспрэчна разьвязаным, бо як ва ўсіх іншых тэорыях, гэтак сама і тут, у вырашэньні яго, за адсутнасьцю об'ектыўных падстаў, няўхільна застаецца значная доля гіпотэтычнасьці. З свайго боку, аднак, мы хацелі-б зрабіць наступныя ўвагі. Найменей пагрунтаваным, на нашую думку, зьяўляецца пагляд Aspelin'а; папершае, калі прымаць пад увагу характар усіх тых прадметаў, якія трапляюцца ў архэолёгічных знаходках адначасна з эмалёвымі вырабамі, дык вельмі цяжка дапусьціць магчымасьць належнасьці іх да III-IV сталецьця; падругое, ня толькі ў тэхніцы сваёй, але таксама і ў формах, вырабы гэтыя фактычна ня маюць нічога супольнага з тыповымі гоцкімі шклянымі інкрустацыямі і не маглі з іх паходзіць, што заўважана і Сьпіцыным[2], асабліва, паколькі рэчы апошняга тыпу сустракаюцца пераважна ў паўднёвай Украіне і на берагох Дунаю, не заходзячы на поўнач далей Кіева і Нежына[3]. Што датычыць "аланскай" тэорыі Сьпіцына, дык і сам ён, як мы зазначалі, прапануе яе выключна ў якасьці ўмоўнае тэрмінолёгіі для азначэньня пэўнага тыпу эмалёвых вырабаў, тут-жа падкрэсьліваючы, што ён зусім не настойвае на гэтай тэорыі і з ахвотай адмовіцца ад яе на карысьць іншага, болей праўдападобнага дапушчэньія[4]. Пры гэтым, нават, и той фактычны матар'ял, які апублікаваў сам Сьпіцын, ужо супярэчыць яго паглядам; ён сам зазначае, што калі даны тып выемчатае эмалі запраўды належыць аланам, дык ён павінен у значнай колькасьці ўзораў сустракацца на паўночным Каўказе, як у адным з галоўных аланскіх асяродкаў, дзе ў тыя часы яшчэ захоўвалася, нават, політычная самастойнасьць гэтага народу; на справе-ж, аднак, знаходкі эмаляй "аланскага" тыпу на Каўказе зьяўляюцца далёка ня