Значнымі[1], і перавага застаецца за басэйнамі Нёмну і Акі. Такім чынам, якое-б ні было пахаджэньне форм, але выраб самых прадметаў або трэба аднесьці ласьне да гэтых прынёманскіх, і прыокскіх мясцовасьцяй, або да якіх-небудзь іншых, ужо не аланскіх краін; згодна навейшых паглядаў таго-ж Сьпіцына - да Заходняй Эўропы, часткова Вэнэцыі[2]. На нашую думку болей грунту мае першае дапушчэньне, хаця ў самых формах тут мог адбіцца і заходня-эўропейскі ўплыў з боку так званых "барбарскіх" пераапрацовак рымскіх ювэлірных вырабаў. У апошнім можна згадзіцца з Кандаковым і Талстым, ня прымаючы, аднак, іх набліжэньняў да бізантыцкіх эмалёвых вырабаў, з якімі нашыя выемчатыя эмалі ня маюць нічога супольнага, і ня лічачы асабліва складаным пытаньне аб пахаджэньні ўсходніх орнамэнтальных мотываў - поўмесяцаў і орнамэнтальных крыжоў. Мотывы гэтыя, здаўна значна пашыраныя, маглі зьявіцца ў нашых эмалях у выніках і не беспасрэднага ўсходняга ўплыву, а з тых-жа заходніх крыніц. З другога боку, некаторыя іншыя формы, як напрыклад, ажурныя кружкі Віленскага Музэю або сэгмэнтападобныя абрысы мяжанскіх падвесак, цяжка ўжо вытлумачыць як-небудзь інакш, як толькі заходнім уплывам; для прыкладу можна зазначыць, што першыя досыць блізка нагадваюць некаторыя ажурныя бронзы V-VI ст. з Рэйнскае даліны[3], у якіх, між іншым, рысунак складанае свастыкі, упісанае ў круг, выразна набліжаецца да рысунку крыжа з вілападобна падзеленымі канцамі, які мы бачым у беларускіх знаходках; мяжанскія-ж падвескі па формах сваіх маюць шмат супольнага з падвескамі III-IV сталецьця з Somme-Bione (Mame, Францыя), дзе досыць часта сустракаецца мотыў поўкруглае бронзавае пласьцінкі, якая перходзіць на доле ў тры аднальковыя адасобныя дадаткі[4].
Што датычыць пытаньня аб месцы вырабу самых прадметаў данага тыпу, дык пэўныя падставы для больш-менш праўдападобных гіпотэз тут можа даць разгляд вядомага архэолёгічнага матар'ялу па паасобных раёнах. Сьпіцын вызначае восем такіх раёнаў: прыбальтыцкі, нёманскі, прускі, дняпроўскі, окскі, данскі, каўкаскі і раён чорнаморскага ўзьбярэжжа[5]; лік знаходак, аднак, ва ўсіх гэтых раёнах далёка не аднолькавы: сыстэматычна і ў значным ліку эмалёвыя вырабы трапляюцца толькі ў трох з іх - нёманскім, окскім і дняпроўскім - у той час як у індых раёнах знаходкі выемчатых эмаляй маюць больш выпадковы і