Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/40

Гэта старонка не была вычытаная

да аналёгічных скандынаўскіх аздоб. Падобныя-ж грыўні сустракаюцца і далей у напрамку на ўсход, у басэйнах Дону і Волгі, але маюць у гэтых выпадках ужо зусім іншыя дэталі конструкцыі, асабліва ў падвесках, значна болей вузкіх, большых лікам і часта набліжаных да трубчатае формы[1].

З ліку беларускіх прадметаў гэтага тыпу аднымі з найлепшых прыкладаў зьяўляюцца абручы з Лынтупскіх курганоў Сьвянцянскага павету на Віленшчыне. На жаль, абручы гэтыя захаваліся не цалком, запсаваўшыся ад моцнае гарачыні пры спаленьні нябожчыка, так што агульныя формы іх прыходзіцца аднаўляць на падставе асобных абломкаў[2]. Яны былі зроблены з круглага бронзавага дроту, раскаванага па канцох у вялікія серпападобныя пласьцінкі з буйным орнамэнтам у выглядзе пасечаных зубчатых зігзагаў. З надворнага (дольняга) краю гэтых пласьцінак былі прароблены круглыя дзюркі, у якія прадзяваліся тонкія драцяныя абручыкі. Да кожнага абручыку была падвешана драцяная пятля ў форме ліры з падвойнымі вушкамі, а да кожнага з гэтых вушкаў, у сваю чаргу, - па дзьве пласьцінкі з ліставое бронзы з пуклёным рысункам. Пласьцінкі гэтыя мелі форму прадоўжных эліпсаў, зрэзаных на канцох, орнамэнт-жа ў кожнай пласьцінцы складаўся з рэльефнага сфэрычнага сэгмэнту ўсярэдзіне, шасьці радоў пуклёных ліній, разьмешчаных роўналежна краям па тры з кожнага боку, і двох радоў пуклёных кропак па тых-жа краёх. Уся гэтая конструкцыя лынтупскіх абручоў зьяўляецца вельмі орыгінальнай і не сустракае сабе поўных аналёгій у іншых аздобах таго самага тыпу, найболей характэрнай асаблівасьцю трэба лічыць тут прымацаваньне падвесак не беспасрэдна да асноўнае пласьцінкі грыўні, але пры дапамозе прамежкавых зьвеньняў, а таксама двохбаковую апрацоўку падвесак, што дасягалася разьмяшчэньнем падвесных пласьцінак па дзьве на адным і тым-жа абручыку з накіраваньнем орнамэнтаваных паверхняў у розныя бакі.

Найболей блізкімі да лынтупскіх варыянтамі аналёгічнага тыпу аздоб зьяўляюцца нашыйныя маністы з Вансоўскіх (на мяжы б. Віленскае і Ковенскае губ.) і Багінскіх (Дзісьненскага павету на Віленшчыне) курганоў, таксама, на жаль, вядомыя нам толькі ў асобных абломках, якія, аднак, даюць некаторую магчымасьць скласьці сабе ўяўленьне аб характары падвесак, а таксама аб спосабе іх злучэньня з асноўным стрыжнем абру-

  1. Найболей цікаўныя тыпы такіх аздоб ёсьць сярод знаходак Лядзінскага і Тамнікоўскага магільнікаў Тамбоўскае губ. Гл. Русские древности в памятниках искусства, V, мал. 81-82, 86.
  2. Малюнкі іх і апісаньне гл. Ф. Покровский. К исследованию курганов и городищ на восточной окраине совеременной Литвы. "Труды IX Археологического С'езда", т. II, М. 1897, стар. 143-144, табл. IX, 9.