Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

АД АЎТАРА

Асноваю гэтых нарысаў зьявіліся матар’ялы, распрацаваныя намі пры падрыхтоўцы курсу гісторыі беларускага мастацтва, прачытанага ў першы раз у 1923/1924 акадэмічным годзе ў Беларускім Дзяржаўным Універсытэце. Разам з тым, у цяперашнім, крыху болей дапоўненым і пераробленым відзе яны наагул павінны быць першаю спробай больш-менш сыстэматычнага гістарычнага вывучэньня беларускіх мастацкіх старажытнасьцяй. Зразумела, аднак, што гэтая спроба ні ў якім разе ня можа прэтэндаваць ні на закончанасьць ні на належную паўнату.

Гісторыя беларускага мастацтва зусім нядаўна заняла вядомае месца як у дасьледчай працы Інстытуту Беларускае Культуры, так і сярод дысцыплін, якія выкладаюцца з універсітэцкай катэдры ў вышэйшай навучальнай установе Беларусі. У гэтай галіне ў сучасных умовах далёка не заўсёды магчыма канчатковая апрацоўка нават сабранага ўжо матар’ялу, — паколькі часьцей за ўсё самае зьбіраныне яго яшчэ патрабуе найбольшае ўвагі. Чарговай задачай, у большасьці, зьяўляюцца тут толькі папярэднія "разьведкі", датычныя некаторых асноўных пытаньняў, апублікаваньне помнікаў і крыніц, пастаноўка пэўных проблем, — часам бяз іх вырашэньня, — бо кожная новая галіна дасьледваньня наўхільна мае ў сабе шмат чаго спрэчнага і няяснага, і часта знаходка новага матар’ялу вымагае паўторнага перагляду тых ці іншых першапачатковых вывадаў.

Выбар распрацаванага тут у першую чаргу матар’ялу абумоўлены як усімі, зазначанымі вышэй, так, часткова, і хронолёгічнымі меркаваньнямі. Нам здавалася найбольш мэтазгодным перш за ўсё даць хаця-б самую агульную характарыстыку кургановае эпохі ў адносінах да ўласьцівых ёй стылістычных форм, паколькі формы гэтыя зьяўляліся вынікамі тых сталых суадносін і сувязяй Беларусі з іншымі краінамі, якія адыгралі са-