паколькі іншыя, сярэбраныя грыўні самым матар’ялам сваім паказваюць, хутчэй, на пазьнейшае пахаджэньне. Формы гэтай, аднак, ужо няма ані ў Люцынскім, ані ў Гнёздаўскім магільніках, г. зн. сярод прадметаў IX—X сталецьця.
У X сталецьці мы наогул знаходзім ужо зусім іншыя тыпы гладкіх грыўняй, значна больш пышныя і багатыя, але ў той-жа час меней строгія і конструкцыйныя. Сярод архэолёгічных знаходак Беларусі яны ў першы раз цалком выяўляюць шырокія стылістычныя магчымасьці серабра, якое звычайна паўтарае тут толькі пэўныя формы бронзавых аздоб, трацячы пры гэтым усю ўласьцівую яму бліскучую лёгкасьць у традыцыйнай формальнай залежнасьці ад гэтага грубога і важкага матар’ялу. У новых тыпах гэтая залежнасць, як-быццам, зьнікла адразу, бо мы нідзе ня бачым ніякіх пераходных форм, і ў шмат якіх прадметах з ліку Гнёздаўскіх знаходак, напрыклад, мы неяк раптоўна і нечакана знаходзім тонкую чыстату і дакладнасьць складаных сярэбраных вырабаў; але ў гэтай тэхнічнай і стылістычнай зьмене адчуваецца нешта органічна чужое, як-бы нейкая хваля іншай, болей высокай, можа, культуры, якая, аднак, ужо хавае ў сабе рысы пэўнага ўтончанага заняпаду; у гэтай хвалі зьніклі ранейшыя тыпы простых і крыху суровых грыўняй, і месца іх занялі новыя формы стройных і багатых аздоб, з дробнай распрацоўкай дэталяй, з тонкімі, прыгожымі рысункамі, з усёй тэй тэхнічнай складанасьцю скані і філіграні, якая ўласьціва толькі самым лепшым узорам усходняга ювэлірнага мастацтва, і сьведчыць, мабыць, аб беспасрэдна ўсходнім, арабскім ці сірыйскім пахаджэньні самых гэтых прадметаў.
Найболей характэрнымі ўзорамі такога тыпу аздоб у гладкіх грыўнях зьяўляюцца нашыйныя абручы з вядомага гнёздаўскага скарбу[1]. Адзін з іх зроблены з тонкага сярэбранага стрыжню, кованага па канцох у восем кантоў, аздобленых дробнымі насечкамі і наколкамі ў выглядзе трыкутнікаў і крыжыкаў; з кожнага боку, на пэўнай адлегласьці ад канцоў абруча, на яго насаджаны па дзьве кантовыя пацеркі з аналёгічным насечаным рысункам; самыя канцы абруча пераходзяць у дзьве вялікія, складанае формы, кантовыя галоўкі, багата аздобленыя наколатым орнамэнтам. Затвору зусім няма, і самая форма грыўні, асабліва ў галоўках, робіць уражаньне вельмі нязручнай для нашэньня, хоць ёй ні ў якім разе нельга адмовіць ані ў дакладнасьці выканоньня, ані ў бясспрэчнай дэкорацыйнасьці. Між іншым, існуе зусім праўдападобнае дапушчэньне, што такога роду прадметы, аналёгічна некаторым скандынаўскім аздобам, ня ўжываліся для ста-
- ↑ Эрмітаж, аддз. XIV, шафа I, табл. 5. Здымкі гл.: Кондаков и Толстой. Русские древности в памятниках искусства, выпуск V, мал. 48 і 52.