Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/55

Гэта старонка не была вычытаная

толькі ў стылістычных, але таксама ў хронолёгічных і тэрыторыяльных адносінах цесна зьвязаны між сабою. Грыўні вітыя пашыраны ня меней, як гладкія з абвіўкай, і вельмі часта абедзьве гэтыя формы сустракаюцца адначасна ў адных і тых-жа курганох, або выпадковых знаходках. Так, напрыклад, грыўні таго і другога тыпу мы знаходзім сярод прадметаў Лынтупскіх курганоў[1], у Людвікаўскіх знаходках[2] і ў іншых мясцох, ня толькі на тэрыторыі Беларусі, але і дальш ва ўсходнім напрамку. Аднак, у той час як гладкія грыўні з драцяной абвіўкай к X сталецьцю канчаткова зьніклі, — грыўні вітыя значна болей стала захоўвалі сваю традыцыйную форму, і так дайшлі ў амаль што нязьмененым, толькі крыху ўскладнёным відзе да болей позьняга часу, як гэта паказваюць, напрыклад, масыўныя сярэбраныя экзэмпляры з Гнёздаўскага скарбу[3].

Упоўне магчыма, што аналёгічна гладкім, грыўні вітыя ўжываліся ня толькі ў якасьці нашыйных аздоб; велічыня некаторых экзэмпляраў, а таксама формы затвораў, не выключаюць магчымасьці іх нашэньня і ў якасьці паясоў; другія-ж маглі ўжывацца і як галаўныя аздобы, што пацьвярджае, напрыклад, знаходка чатырох вітых абручоў на чэрапе касьцяка, адкапанага ў Дзьвінску ў 1862 годзе[4].

Тэхніка выкананьня вітых грыўняй вызначаецца асабліваю прастатою: два або тры досыць тонкія бронзавыя ці сярэбраныя драты туга скручаны разам накшталт перавясла або вяроўкі, вольныя-ж іх канцы ўтвараюць затвор або якую іншую прыладу для зашпіляньня. Часам абручы складаюцца з шасьці дратоў, зьвітых адзін раз па два, а затым ужо разам. Узорамі такога тыпу зьяўляюцца абломкі паясных грыўняй Віленскага Музэю[5]; у іх-жа мы знаходзім прыклады найболей прымітыўнага спосабу апрацоўкі канцоў: усе шэсьць дратоў раскованы тут у тонкую лістападобную пласьцінку з лёгкім пунктавым орнамэнтам, які ў некаторых іншых аналёгічных прадметах бывае часам і болей складаным, прымаючы выгляд рэльефных жылак, як у запраўдных лісьцях[6].

Найболей пашыраным спосабам апрацоўкі канцоў у вітых грыўнях, — спосабам, які яшчэ не стварае затвораў у сьціслым сэнсе гэтага слова, — зьяўляецца заканчэньне іх у выглядзе абручыкаў або загнутых аж да самага стрыжню кручкоў, прычым

  1. Труды IX Археологнического Съезда в Вильне, т. II, стар. 144, 146, табл. IX, 2 і 7.
  2. Материалы по археологии России. № 4. Стар. 53−55, табл. 4.
  3. Русские древности в памятниках искусства, V, мал. 50−51.
  4. Белорусские древности, 61.
  5. Віленскі Музэй, аддзел Б, № 572.
  6. Такая апрацоўка сустракаецца, напрыклад, у грыўні, знойдзенай у 1892 г. ў Тэльшаўскім павеце б. Ковенскае губэрні. Гл. “Виленский Вестник” за 1892 г., № 72.