Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

канцы гэтыя звычайна зроблены толькі з аднаго дроту, у той час як іншыя ствараюць масыўную абвіўку каля самае іх асновы. З ліку вядомых нам прадметаў з канцамі такога тыпу можна назваць адзін з бронзавых абручоў дзьвінскае знаходкі 1862 г.[1], дзьве двохдратовыя нашыйныя грыўні з вёскі Эглі[2], паясную грыўню з Люцынскага магільніку[3], і, нарэшце, два абручы з Шкельбат, адзін нашыйны і другі паясны[4]. Апошні з іх мае канцы раскаваныя ў відзе плоскіх кручкоў, бакі якіх аздоблены орнамэнтам з нарэзаных кружкоў. Часам сустракаюцца выпадкі, калі канцы зроблены з усіх трох дратоў, зьлітых у досыць тоўстыя чатырохкантовыя ў разрэзе пласьцінкі, якія сагнуты ў масыўныя цыліндрычныя петлі: прыкладам такога тыпу можа быць вітая грыўня аднаго з Мяжанскіх курганоў[5], цалком аналёгічная аднаму з абручоў Машчынскага гарадзішча, а таксама апісанаму намі вышэй таўрогенскаму абручу, ад якога яна адрозьніваецца толькі адсутнасьцю падвесак. Магчыма, аднак, што грыўням гэтага тыпу наогул надаваліся ў некаторых выпадках падвескі, бо для злучэньня іх, з прычыны адсутнасьці затвору, абавязкова патрэбна было якое-небудзь злучальнае зьвяно, куды яны і маглі прымацоўвацца, як мы гэта бачым, напрыклад, у таўрогенскім абручы. Быць можа, уласна для гэтае мэты і былі прызначаны эмалёвыя падвескі Мяжанскіх курганоў, хоць яны і былі знойдзены паасобна ад грыўняй. Аднак, болей частыя знаходкі такога тыпу грыўняй без усякага сьледу ранейшай прысутнасьці падвесак — сьведчаць, што звычайна грыўні гэтае формы ўжываліся зусім самастойна. Мяжанская знаходка дазваляе датаваць гэты тып VI—VIII сталецьцем; але ў гэтым выпадку магчымасьць злучэньня з падвескамі не выключаецца; іншыя знаходкі, дзе падвесак ужо бясспрэчна няма, належаць, магчыма, да болей позьняга часу. Далейшай модыфікацыяй вітых грыўняй, дзе ніякіх падвесак, мабыць, зусім ужо быць не магло, зьяўляюцца абручы, дзе канцы ў відзе простых абручыкаў пераходзяць у болей складаныя затворы ў відзе крука і пятлі. Падобны затвор у двохдратовых грыўнях мы знаходзім у дзьвінскіх галаўных абручох[6]. Адзін з дратоў загінаецца тут на адным канцы абруча плоскай пятлёю, а на другім — пятлёю выгнутаю, якая служыць замест кручка; другі дрот канчаецца каля асновы таго і другога. Крыху прасьцей, але тым-жа спосабам зроблены затвор у вялікім паясным абручы з Людвікава[7].

  1. Белорусские древности, мал. 34.
  2. Материалы по археологии России. № 4. Табл. VIII, мал. 12−13.
  3. Материалы по археологии России. № 14. Табл. III, мал. 9.
  4. Ibidiem, мал. 1 на стар. 49 і табл. VIII, мал. 8−9.
  5. Труды IX Археологнического Съезда в Вильне, т. II, табл. XII, мал. 34.
  6. Белорусские древности, мал. 33.
  7. Материалы по археологии России. № 4. Табл. IV, мал. 3.