Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

мую істотную ролю і ў разьвіцьці яе ўласнага мастацтва ўжо ў пазьнейшыя гістарычныя часы. Далей, пачынаючы з XII ст., галощным прадметам увагі зьявілася эволюцыя архітэктуры, як тэй найболей важнай галіны нашага старадаўняга мастацтва, помнікі якой у межах з XII да XVI сталецьця захаваліся да цяперашняга часу ў досыць значным ліку.

Зразумела, гэтыя першыя нарысы, даведзеныя — і то па абмежаваных тэмах — толькі да паловы XVI сталецьця, далёка ня могуць лічыцца поўным вырашэньнем пастаўленай намі сабе задачы, нават у абхваце папярэдняга дасьледваньня: беспасрэдным працягам іх павінен быць шэраг далейшых студый, прысьвечаных помнікам барочнай архітэктуры XVII-XVIII сталецьцяў, архітэктурным формам драўлянага будаўніцтва, помнікам малярства, разьбярства, гравюры, нарэшце, рознага роду ўжытковых мастацтваў, пачынаючы з старадаўніх ювэлірных вырабаў, разьбы, гафтаваньня, тканіны і канчаючы сучаснай народнай орнамэнтыкай. Па нашым плане ўся гэтая праца разьлічана, прыблізна, на пяць тамоў, наколькі можна судзіць па характары і памерах як ужо сабранага намі, так і намечанага для чарговага вывучэньня матар’ялу.

Друкаваньне гэтага першага тому, скончанага ў асноўных рысах сваіх яшчэ чатыры гады назад, затрымалася да цяперашняга часу з шэрагу тэхнічных прычын. Гэта дало магчымасць, аднак, яшчэ дапоўніць яго некаторымі вынікамі нашых пазьнейшых досьледаў, а таксама грунтоўна перарабіць увесь першапачатковы тэкст у зусім новай рэдакцыі. Далейшая падрыхтоўка матар’ялаў да друку і выданьне іх па намечаным намі пляне пойдзе, мы спадзяемся, болей сыстэматычна ў выніках концэнтрацыі ўсяе дасьледчае працы ў данай галіне ў Інстытуце Беларускае Культуры, што забясьпечвае ёй цяпер магчымасьць належнае пляновае пастаноўкі і правядзеньня.

М. Шчакаціхін.

Менск, чэрвень 1927 г.