КУРГАННЫЯ СТАРАЖЫТНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ.
У сэнсе выяўленьня такіх суадносін ня робіць вынятку і яшчэ адна катэгорыя курганных аздоб, якую, зразумела, нельга абмінуць для паўнаты нашага агульнага аглядў; гэта — ручныя аздобы, колькасная роля якіх у беларускіх кургановых знаходках зьяўляецца досыць значнай. Да ліку іх належаць абручыкі, пярсьцёнкі, бранзалеты і налокатнікі, якія сустракаюцца як адна з найболей частых аздоб адналькова ў мужчынскіх і жаночых пахаваньнях, у некаторых выпадках, нават па некалькі штук пры кожным нябожчыку, — апроч толькі пахаваньняў Гнёздаўскага магільніку, дзе наагул ручныя аздобы трапляюцца як рэдкае выключэньне[1]. Формы гэтых аздоб выяўляюць значную рознастайнасьць, ня толькі ў знаходках з розных часоў, але і ў адных і тых-жа пахаваньнях: Люцынскі магільнік, напрыклад, мае да дванаццаці асобных іх тыпаў, ня лічачы варыянтаў[2]. Гэтыя формы, аднак, не заўсёды маюць значэньне стылістычных тыпаў, і не заўсёды належаць да ліку ювэлірных аздоб у сьціслым сэнсе гэтага слова. У некаторых пахаваньнях ручныя аздобы, асабліва бранзалеты, сустракаюцца ў такой надмернай колькасьці, што цяжка дапусьціць магчымасьць ужываньня ўсіх іх у штодзенным жыцьці з звычайнымі, чыста дэкорацыйнымі мэтамі; далей — частка іх зьяўляецца занадта простай па форме і зусім не орнамэнтавана; нарэшце, досыць часта сустракаюцца бранзалеты ў выглядзе замкнутых абручоў такога малога дыямэтру, што ўжываньне іх дарослым чалавекам зьяўляецца мала магчымым. Для тлумачэньня апошняе зьявы высунута была, між іншым, тэорыя, згодна якой бранзалеты такога тыпу надзяваліся на руку яшчэ ў дзяцінстве і так заставаліся на ўсё жыцьцё[3]; болей праўдападобна, аднак, іншая думка, а ўласна, што гэтыя бранзалеты надзяваліся толькі ўжо на нябожчыкаў[4], і часта пры гэтым, ня ў якасьці аздоб, але як рэчы, што маюць пэўную матар’яльную каштоўнасьць, аналёгічыа таму як гэта сустракаецца часам сярод скандынаўскіх[5] і каўкаскіх старажытнасьцяй[6]. Пры такім тлумачэньні робіцца зразумелым як надмерны лік ручных аздоб у некаторых найболей багатых пахаваньнях, так і поўная неаздобленасьць некаторых тыпаў, якім надавалася толькі практычнае значэнне больш-менш каштоўнага кавалка мэталю. Ясна, аднак, што такое значэньне ня мела агульнага характару, і што ў другіх выпадках мы знаходзім ручныя аздобы, прыстасаваныя для звычайных дэкорацыйных
- ↑ Материалы по археологии России. № 28. Стар. 51–52.
- ↑ Материалы по археологии России. № 14. Стар. 39–43.
- ↑ К. Tyszkiewicz: O kurhanach…, стар. 51.
- ↑ Виленский Музей Древностей, VI, 13.
- ↑ Ворсо, ор. сіt., № 459.
- ↑ Les necropoles prehistoriques de l’Armenie Russe. “Revue Archéologique” 1890, XV, 187.