Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/79

Гэта старонка не была вычытаная

ВІТЫЯ І СЬПІРАЛЬНЫЯ БРАНЗАЛЕТЫ. НАЛОКАТНІКІ.

замкнуты абруч; думку сваю Тышкевіч падьвярджае пасылкай на тое, што такія прадметы часам знаходзіліся з левага боку грудзей нябожчыка, у адным-жа выпадку сярод абломкаў падобнага абруча былі знойдзены рэшткі напалову струхлелае тканіны[1]. Але, калі Тышкевіч і мае рацыю, — дык гэта сьведчыць толькі аб магчымасьці падвойнага прызначэньня такіх прадметаў, бо ў другім выпадку знаходка аналёгічнага абруча на лакцявых касьцях правае рукі ў адным з Загорскіх курганоў на Віленшчыне[2] робіць бясспрэчным ужываньне іх таксама і ў якасьці ручных аздоб.

Усе пералічаныя намі вышэй варыянты бранзалетаў у формах сваіх і ў орнамэнтыцы зьвязаны пераважна з Усходам, прычым да гэтае катэгорыі можна далучыць яшчэ і параўнальна рэдкія бранзалеты з ліставога мэталю, вядомыя нам па знаходках на Меншчыне[3] і Барысаўшчыне[4], і аналёгічныя па характары сваіх аздоб да бранзалетаў літых і пласьцінчатых. Апроч іх, сярод беларускіх старажытнасьцяй можна вызначыць і некаторыя заходнія тыпы, часткова, рымскага пахаджэньня. Да ліку іх належаць досыць рэдкія сьпіральныя бранзалеты з масыўнага стрыжню ў 3-4 абароты[5] і значна пашыраныя ў пахаваньнях паўднёва-заходняе Беларусі, напрыклад, у Люцынскім магільніку, таксама сьпіральныя шырокія наручнікі або налокатнікі з мядзяных істужак у 10–13 абаротаў[6]. Апошнія звычайна маюць насечаны орнамэнт у відзе перакрыжаваных зубчатых ліній, елачак, кропак ці “ланцужка”, часам у характары зьмяінае лускі, — у такіх выпадках пры аналёгічнай, праўда прымітыўнай апрацоўцы канцоў у тыпе зьмяіных галовак. Орнамэнт гэты ў большасьці аздабляе толькі бліжэйшыя да канцоў 2-3 абароты сьпіралі, сярэднія-ж абароты маюць звычайна толькі ўздоўжны рэльефны рубчык з лёгкімі насечкамі з абодвых яго бакоў. У Люцынскім магільніку такія прадметы належаць пераважна, і нават амаль што выключна, да ліку жаночых аздоб, у чым, між іншым, яны адрозьніваюцца ад сваіх магчымых рымскіх першаўзораў, якія часьцей былі часткаю мужчынскага вайсковага ўбраньня.

Сярод беларускіх старажытнасьцяй ручныя аздобы найболей пашыраны ў дагнёздаўскую эпоху. У пазьнейшыя часы лік іх значна зьмяншаецца, так што ў самым Гнёздаве, напрыклад, знойдзена ўсяго некалькі экзэмпляраў: два ў вядомым гнёздаўскім скарбе, у відзе тонкіх сярэбраных абручыкаў з нанізанымі на іх шклянымі пацеркамі[7], і таксама два пры раскопках магільніку — адзін зроблены з тоўстага бронзавага дроту з надзетымі на яго жалез-

  1. Ваdаnіа archeologiczne, стар. 63.
  2. Труды IX Археологического Съезда в Вильне, т. I, мал. 49.
  3. Віленскі Музэй, аддзел Б, № 171.
  4. К. Tyszkiewicz: O kurhanach…, VI, 5.
  5. Материалы по археологии России. № 14. Табл. II, 3.
  6. Ibidiem, II, 7; IX, 9 і рыс. 24—26 на стар. 40.
  7. Русские древности в памятніках искусства, V, 62.