Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

Разьдзел ІI.

Царкоўная архітэктура ХІ-ХII сталецьцяў.

1.

Пахаджэньне беларускіх архітэктурных помнікаў ХІ-ХІІ ст. і месца іх сярод помнікаў усходня-славянскага будаўніцтва.

З канца XI сталецьця політычныя і гандлёвыя сувязі беларускае тэрыторыі на пэўны час уцягнулі яе ў сфэру бізантыцкага культурнага ўплыву, што пашыраўся часткова праз Кіеў, часткова-ж праз тыя, здаўна зьвязаныя з ёю ў гандлёвых адносінах усходнія землі (Малая Азія, Сірыя, Каўказ), якія ў большай ці меншай ступені зрабіліся к гэтаму часу провінцыямі Бізантыі альбо ў кожным выпадку блізка залежнымі ад яе ў культурным сэнсе краінамі. У галіне артыстычнае творчасьці гэта выявілася ў першую чаргу (калі ня лічыць прывозу некаторых дробных бізантыцкіх аздоб, што з гэтага часу трапляюцца ў курганох) у перайманьні пэўных форм царкоўнае архітэктуры, дый наагул у самым факце зьяўленьня тут гэтага невядомага раней мастацтва, чаму асабліва спрыялі і тыя новыя соцыяльна-экономічныя ўмовы, якія ў гэты час утварыліся на Беларусі. Паступовае разьвіцьцё і ўзмацненьне гандлёвых зносін у розных напрамках, пераважна па водных шляхох, у сувязі, часткова, з экономічным аслабленьнем і заняпадам Кіеву, яшчэ ў папярэднюю эпоху выклікала ў найболей важных пунктах гэтых шляхоў, галоўным чынам па верхняй плыні Дняпра і ў вадазборы Заходняе Дзьвіны сформаваньне цэлагу шэрагу значных гандлевых, а пазней і політычных асяродкаў. Адначасна з узмацненьнем княжой улады гэтыя асяродкі рабіліся таксама і культавымі цэнтрамі, якія ў процэсе дыфэрэнцыяцыі першапачатковага насельніцтва краіны служылі пэўнаю абапораю як для саміх князёў, так і для пануючай клясы іх прыбліжоных.