Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

ПАХАДЖЭННЕ.

значным культурным яго ўплывам, што яшчэ палягчалася, можа у кожным выпадку ў XII сталецьці, масавым перасяленьнем кіеўскага жыхарства ў паўднёвую частку Смаленшчыны. Пры такіх умовах зьяўляецца лёгка зразумелым першапачатковае падабенства смаленскіх архітэктурных тыпаў да бізантыцкіх помнікаў Кіеву, які мог быць беспасрэднай крыніцай узьнікненьня смаленскага будаўніцтва. Далей, аднак, як мы ўбачым, Смаленск ужо досыць хутка адышоў ад кіеўскіх першаўзораў, прычым у гэтым самастойным разьвіцьці смаленскага архітэктурнага стылю мы можам заўважыць з аднаго боку лёгічнае разьвіцьцё пачатковага тыпу ў пэўным напрамку, з другога — некаторыя заходнія і — меней выразныя — усходнія дэталі.

Зусім інакш разьвівалася будаўніцтва Полацкае зямлі. Бесьперарыўная барацьба яе з Кіевам за прыорытэт на гандлёвых шляхох і за політычную незалежнасць, якая цягнулася на працягу ўсяго XI сталецьця, кароткая эпоха яе разбурэньня кіеўскім войскам і потым канчатковае адасабленьне яе ў самастойную політычную адзінку з сваімі ўласнымі сувязямі і гандлёвымі інтарэсамі, — усё гэта мала спрыяла таму, каб Кіеў мог мець тут падобны як у Смаленску ўплыў. Гэтае становішча мала зьмянілі і тыя пэрыоды, калі Полацак часова падлягаў смаленскім уплывам, паколькі ў напружанай атмосфэры ўсё-ж варожых узаемных адносін, не заставалася, пэўна, месца для мірнага культурнага абмену. У той самы час, аднак, Полацкая зямля, ужо падзяліўшыся, праўда, у XII сталецьці на ўдзелы і страціўшы сваю ранейшую політычную суцэльнасць, яшчэ магла падтрымліваць пэўныя гандлёвыя зносіны з усходнімі краінамі, якія вяліся тут праз пасярэдніцтва прывалоскіх балгар яшчэ пачынаючы з VІІ−VІІІ сталецьця. Гэтым шляхам у Полацкую краіну і прыходзілі, мусіць, тыя ўсходня-бізантыцкія — малаазійскія і каўкаскія — архітэктурныя формы, якія, што мы пакажам у далейшым, адыгралі пераважную ролю ў яе будаўніцтве. Праўда, гандлёвыя шляхі на ўсход ішлі праз Смаленскую зямлю, так што магла-б здавацца незразумелай нязначнасьць усходніх уплываў у смаленскім будаўніцтве XII сталецьця пры перавазе яго ў Полацку. Але магчыма, што кіеўскія і часткова заходнія ўплывы былі ў Смаленску настолькі мацнейшымі, што той ці іншы занос усходніх форм ці прыёмаў ня мог адбівацца тут настолькі-ж яскрава, як гэта было ў Полацкай зямлі, пазбаўленай пераважнага кіеўскага ўплыву; з гэтай прычыны ўсходнія элемэнты з цягам часу зрабіліся ў смаленскай архітэктуры мала прыкметнымі, у той час як у Полацку і Віцебску яны адыгралі амаль што галоўную ролю.

Розьніца гэтая, аднак, ня мела істотнага значэньня ў справе адносін абодвых гэтых краін да наўгародзкай зямлі, у сэнсе выразнай (але пакуль што зусім яшчэ не зазначанай у літаратуры)