Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/89

Гэта старонка не была вычытаная

СПАСАЎСКАЯ ЦАРКВА НА СЬМЯДЫНІ.

іншыя слупы, зьмешчаныя па кутох асяродкавага квадрату, як звычайна, служылі, пэўна, для падтрыманьня кумпальнага пакрыцьця над цэнтральнай кубічнай прасторай; апроч таго, усходняя пара аддзяляла альтарную частку, ствараючы тры ўваходы, якія вялі ў самы альтар, у афяравальнік, і ў дзяканік.

Надворныя часткі муроў мелі звычайную апрацоўку згодна нутранога падзелу; паверхня іх у вэртыкальным кірунку была разьбіта пры дапамозе досыць шырокіх лапатак, адпаведна разьмеркаваньню нутраных слупоў. Бакавыя фасады мелі па пяць лапатак, прычым рагавыя былі чатырохкантовыя, плоскія сярэднія-ж мелі характар паўкруглых пілястраў. На заходнім фасадзе было толькі чатыры лапаткі, з аналёгічным чаргаваньнем паўкруглых і плоскіх. З нутранога боку муроў усе лапаткі, апроч толькі другой на паўночнай сьцяне (лічачы ад паўночна-заходняга кута) былі адзначаны насупроць ступоў невялічкімі чатырохкутнымі выступамі. Такім чынам, у заходнім фасадзе быў вытрыманы трохчленны падзел, прычым сярэдняе поле, дзе знаходзіўся ўваход, адпавядала шырокаму асяродкаваму нэфу, а два іншыя — больш вузкім бакавым нэфам. У бакавых фасадах пры дапамозе лапатак і пілястраў намячаўся чатырохчленны падзел, дзе першае з усходу поле адпавядала альтарнай частцы, два наступныя — асяродкавай прасторы царквы, апошняе — прытвору і хорам. З усходняга боку альтарныя апсіды былі аздоблены знадворку вузкімі паўкруглымі пілястрамі; у асяродкавай апсідзе такіх пілястраў было чатыры, а ў бакавых па два; яны знаходзіліся, напэўна, па бакох вокан, якіх цэнтральная апсіда мела тры, афяравальнік-жа і дзяканік — па адным.

Раўнаючы гэты плян да плянаў кіеўскіх і наўгародзкіх будынкаў, лёгка заўважыць, што ён бліжэй падыходзіць да першых, г. зн. да кіеўскіх, сярод якіх ён знаходзіць амаль што поўныя аналёгіі, як, напрыклад, у пляне царквы Кірылаўскага манастыра[1]. Аднак, у дэталях выяўляецца вядомая розьніца. У царкве Кірылаўскага манастыра фасады падзяляліся пры дапамозе плоскіх, простакутных у разрэзе лапатак; такога самага тыпу лапаткі і наагул былі найболей пашыраны ў будынках бізантыцкага тыпу, пачынаючы з солунскіх і афонскіх цэркваў, і канчаючы ўзорамі славянскіх адменьнікаў бізантыцкага архітэктурнага стылю; у большасьці кіеўскіх будоў, за малымі выняткамі, а таксама ў наўгародзкай і пскоўскай архітэктуры ўсюды для падзелу муроў ужываліся амаль што выключна плоскія лапаткі, і толькі ў некаторых валадзімера-суздальскіх тыпах яны ажыўляліся тонкімі пілястрамі. Тым часам, у сьмядынскай царкве сьляды надворнае апрацоўкі фасадаў маюць крыху іншы харак-

  1. В. Січинський , ор. сіt, стар. 17, рыс. 17 і 56.