Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

быць, забракаваны з прычыны таго, што Струкаў аддаў надта многа ўвагі такім прадметам, зарысоўка якіх, як яшчэ ў 1912 годзе пісаў Е. Раманаў, "шла в разрез с самой идеей экспедиции"[1], г. зн. помнікам такога характару, дзе нават пры ўсім жаданьні нельга было знайсьці аніякіх "истинно-русских" элемэнтаў. Альбом яго, пад агульнай назвай "Эскизы-рисунки археологической экспедиции для иследования Северо-Западного края России, исполненные с натуры художником Дм. Струковым 1864 лета", так і застаўся нявыданным і да апошняга часу захоўваўся ў Віленскай Публічнай Бібліотэцы.

Амаль што аналёгічны характар маюць таксама і многія іншыя досьледы і нарысы, якія ў свой час выходзілі ў сьвет як асобнымі самастойнымі кніжкамі, так і ў розных пэрыодычных выданьнях, какшталт "Вестника Западной России", "Памятных книжек" беларускіх губэрань, "Виленского календаря" і інш. Толькі ў "Трудах Московского Археологического О-ва" і ў "Трудах IX Археологического С’езда в Вильне" мы яшчэ можам знайсьці некаторыя вартыя ўвагі паведамленьні, якія маюць вядомую каштоўнасьць з прычыны багацьця далучанага да іх фотографічнага і іншага матар’ялу. Аднак, і ў гэтых выпадках, апроч вельмі рэдкіх выняткаў, як, напр., артыкул Паўлінава (А. М. Павлинов) "Древние храмы Витебска и Полоцка"[2], апрацоўка гэтага матар’ялу праведзена выключна з гістарычнага альбо архэолёгічнага пункту погляду, прычым гістарычна-мастацкае значэньне помнікаў зусім не разглядаецца. Цікаўна, што гэтае пытаньне ніколі ня было пастаўлена нават у спэцыяльнай расійскай літаратуры. Адзін толькі вышэйпамянёны Паўлінаў закранае некаторыя віцебскія і полацкія помнікі царкоўнага будаўніцтва ў сваёй "Истории русской архитектуры" (М. 1894). Усе-ж іншыя працы абыходзяць яго поўным маўчаньнем, і нават капітальная многатомная "История русского искусства" пад рэдакцыяй Ігара Грабара, прысьвячаючы, напрыклад, значную частку свайго 8-га сшытку формам украінскай царкоўнай і цывільнай архітэктуры, а таксама помнікам гэбрайскага драўлянага будаўніцтва на Украіне[3], у той-жа час пакідае зусім бяз увагі тэрыторыю Беларусі, як-быццам па гэтай тэрыторыі зусім няма помнікаў мастацтва, вартых навуковага вывучэньня побач з помнікамі Расіі і Украіны.

У процілегласць расійскай навуцы, якая, як бачым, амаль што зусім ня цікавілася старадаўнім мастацтвам Беларусі, навука

  1. Ibidem, стар. 239
  2. "Труды IX Археологического С'езда в Вильне". Том I. М. 1895. Стар. 1-26
  3. Артыкулы Паўлуцкага (Г. Павлуцкий) "Деревянное церковное зодчество на Украине"; "Старинные деревянные синагоги в Малороссии"; "Каменное церковное зодчество на Украине" і Грабара (Игорь Грабарь): "Деревянное церковное зодчество Прикарпатской Руси".