Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/92

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.


Паводле гэтага рысунку, сьмядынская царква належыць да тыпу кубічных будынкаў, што адпавядае і данным яе захаванага пляну. Альтарных апсід ня відаць, бо рысунак зроблены з паўночнага захаду. Перакрыцьцё выяўлена ня зусім чытэльна, але выразна прыкметна закругленая форма горніх частак муроў, што сьведчыць, бясспрэчна, аб закамарнай сыстэме. Што датычыць барабана і кумпала, дык пэўна да 1634 году часткі гэтыя ўжо былі перароблены нанова. На пляне мы бачым высокую шыйку з вузкімі вокнамі і колёнкамі паміж іх; на шыйцы зьмяшчаецца цыбуляпадобны кумпал з маленькаю макаўкаю. Вядома, аднак, што цыбуляпадобныя кумпалы ў XII сталецьці ня ўжываліся і зьявіліся значна пазьней, у выніках з вядомае эволюцыі пазычанага з Бізантыі плоскага кумпальнага пакрыцьця. З гэтай прычыны ясна, што на рысунку Плейтнэра мы маем адну з пазьнейшых перабудовак: першапачаткова, хутчэй за ўсё, барабан быў значна ніжэй, кумпал-жа, шмат больш шырокі і плоскі, набліжаўся, напэўна, да болей чыстага бізантыцкага тыпу.

Другая сьмядынская царква, так званая “Малая”, або царква Барыса і Глеба, як мы ўжо зазначылі, была пабудована на пяць год пазьней за першую, гэта значыць у 1145–1146 г.[1]

  1. Некаторыя дасьледчыкі датуюць Барысаглебскую царкву болей познім часам. Так, напр., Е. Клетнова („О раскопках на Смядыни”, стар. 20–23) адносіць яе да 1188 г., пасылаючыся на запіс у рукапісу Міхалаўскага манастыра: “ЛЂта 6746 Давидъ Ростиславичъ созда церковь на пристани собор Архангела Михаила и Бориса и Глеба на Смядыни”, і прымаючы папраўку Орловского (“Смоленская старина” I, 226) 6746 на 6696, г. зн. 1188. Па нашай думцы, аднак, гэта надзвычайна спрэчна; папершае таму, што такое дапушчэньне супярочыць выразнаму падвойнаму паміну аб сьмядынскіх будовах, які мы знаходзім у тым-жа рукапісу і ў летапісных крыніцах, а падругое з прычыны таго, што памянёны запіс 1188 г., хутчэй за ўсё, мае дачыненьне не да новых будоў, а толькі да тых пераробак, якія былі зроблены князем Давыдам у пабудаваных раней сьмядынскіх цэрквах, часткова ў Спасаўскай. У апошнім мы цалкам згаджаемся з Орловским. Апроч таго, трэба зазначыць, што сучасныя назвы сьмядынскіх цэркваў чыста ўмоўны; магчыма, што ў XII сталецьці якраз вялікая царква звалася „Барысаглебскай”, або што абедзьве яны пад агульнай назвай складалі Барысаглебскі манастыр.