БАРЫСАГЛЕБСКАЯ ЦАРКВА НА СЬМЯДЫНІ.
ецца вядомая спрошчанасьць форм, у сувязі, можа, з меншымі памерамі будынку. Перш за ўсё, асяродкавая апсіда ня так была высунута наперад і па шырыні сваёй толькі нязначна перавышала бакавыя апсіды. Падругое, колькасьць нутраных слупоў зьведзена была тут да чатырох, так што хораў або зусім не было, або, калі яны і былі, дык падтрымліваліся яны заходнімі слупамі, якія ў той-жа час служылі разам з усходнімі асноваю для кумпальнага накрыцьця. З гэтай прычыны з надворнага боку царквы ўсе тры фасады мелі трохчленны і прытым зусім сымэтрычны падзел. Лапаткі таксама як і ў Спасаўскай царкве, мелі па рагох простакутную плоскую форму, а ў іншых мясцох — паўкруглую. Дзьвярэй у царкве было тры (а не адны як у Спасаўскай царкве), па адных у паўднёвай, заходняй і паўночнай сьценах, на кожнай з іх у сярэднім полі.
Характэрнаю асаблівасьцю нутранога ладу царквы, з прычыны імкненьня будаўніка да сымэтрычнага падзелу фасадаў, зьяўлялася надмерная велічыня альтарнае часткі, якая мела ў даўжыню 6,5 мэтраў пры агульнай даўжыні царквы ў 14 мэтраў, і займала, такім чынам, амаль што палову ўсяго будынку. Нутранога падзелу сьцен, магчыма, зусім ня было, так што ўсе сьцены царквы ўсярэдзіне здаваліся гладкімі. Таксама ня было і пілястраў з надворнага боку альтарных апсід. Нутраныя сьцены царквы, асабліва ў альтарнай частцы былі калісьці пакрыты орнамэнтальным фрэскавым росьпісам, у якім цікава злучаліся чыста-заходнія прынцыпы дэкорацыйнага росьпісу ў характары тканіны з усходнімі, часткова бізантыцкімі орнамэнтальнымі мотывамі, аб чым больш падрабязна пададзена намі ў іншым месцы[1]. Такім чынам, нават у аднэй з першапачатковых будоў смаленская архітэктура XII сталецьця ўжо досыць значна ўхілілася ад свайго першага, блізкага да Кіеву тыпу ў бок больш-менш самастойнай яго пераапрацоўкі.
Шляхі далейшага разьвіцьця смаленскае архітэктуры ў гэтым напрамку перш за ўсё наглядаюцца ў Петрапаўлаўскай царкве, якая дае варыянт тэй-жа самай, што і ў Барысаглебскай, чатырохслуповай конструкцыі. Як мы ўжо вызначалі, на падставе спрэчнага тлумачэньня летапісных крыніц царкву гэтую звычайна датуюць 1146 ці 1147 годам[2]. Па нашай думцы, аднак, яна павінна належаць да крыху пазьнейшагачасу, што выяўляецца і ў лепшай распрацаванасьці конструкцыі і ў большай дакладнасьці самай будаўнічай тэхнікі з глыбокім камен-