Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

ным фундамэнтам і надзвычайна моцнымі, таўшчынёй да 2 мэтраў мурамі, складзенымі з плітняку і цэглы. Форма царквы — правільны куб з трыма альтарнымі апсідамі; перакрыцьцё ў відзе чатырохскатавага даху, а таксама і кумпал разам з барабанам — пазьнейшага пахаджэньня. У сучасны момант гэтая першапачатковая будыніна складае ўсходнюю частку ўсяе царквы, бо з захаду да яе далучаны шматлічныя прыбудоўкі, зробленыя ў розныя часы. Першая з іх належыць да 1625–1637 г. і зроблена уніцкім біскупам Львом Крэўзам, з павялічэньнем царквы ў заходнім кірунку; да гэтае прыбудоўкі ў 1753–1757 г. быў прымураваны горні паверх і званіца, а таксама былі закладзены першапачатковыя вокны і дзьверы ў старадаўняй частцы, замененыя новымі вокнамі ў два ярусы[1]. Апошняя пераробка мела месца пасьля 1812 г., калі стары кумпал быў падменены новым, які існуе да нашага часу[2]. Калі судзіць па рэштках ранейшага барабану, што захаваліся пад дахам, — дык барабан гэты меў дванаццацікантовую форму і быў прарэзаны 12 вокнамі; аднак, і ён, напэўна, ня быў першапачатковым, бо на пляне Гонда ён мае цыбуляпадобны кумпал пазьнейшага пахаджэньня. Хутчэй за ўсё, у часе складаньня гэтага пляну ў царкве ўжо былі зроблены некаторыя відазьмены, што пацьвярджаецца, часткова, разьмеркаваньнем вокан у два рады, чаго ў першапачатковай будове, магчыма, і не было. Адкідаючы ўсе пазьнейшыя прыбудоўкі і пераробкі, мы атрымліваем чысты чатырохслуповы кубічны тып з трыма альтарнымі паўкружынамі. Адпаведна чатырохслуповай конструкцыі, надворныя часткі муроў маюць трохчленны, як і ў Барысаглебскай царкве, але няроўнамерны падзел бакавых фасадаў. У цяперашні час лапаткі маюць плоскую форму; але як выяўлена ў часе рэстаўрацыйных прац 1925 г.[3], форма гэтая зьяўляецца вынікам пераробкі, бо ў фундамэдтах захаваліся шырокія паўкруглыя асновы такіх-жа самых палавінных колюмн, якія мы знаходзім у сьмядынскіх руінах, што сьведчыць аб пэўнай сталасьці падобнай апрацоўкі фасадаў у царкоўнай архітэктуры Смаленску. У падзеле фасадаў найбольшае шырыні дасягае сярэдняе поле, і найменшай — усходняе, якое прылягае да альтарнае часткі; гэта тлумачыцца тым, што ў мэтах лепшага нутранога расплянаваньня, усе слупы, у параўнаньні, напр., да Барысаглебскае царквы, як-быццам былі перасунуты тут ва ўсходнім кірунку, падобна да таго, як гэта мае месца ў некаторых наўгародзкіх будынках спрошчанага тыпу, пачынаючы з

  1. С. П. Писарев. Памятная книга города Смоленска. Смоленск, 1898. Стар. 115−116.
  2. П. Цветков. Странички из истории Петропавловской в Смоленске церкви. Смоленск, 1911.
  3. Працы гэтыя зроблены Смаленскім Губэрскім Музэем, пры ўдзеле Рэстаўрацыйнага пададдзелу Галоўнавукі РСФСР.