Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/98

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

жыць барабан кумпалу; прамежкі запоўнены трыкутнымі парусамі, як гэта звычайна для бізантыцкіх конструкцый.

Амаль што ўсе дэталі царквы як у нутраных, так і ў надворных яе аздобах былі зьніштожаны ў часе пераробак ХVІІ−ХVІІІ ст., так што толькі нямногія з іх захаваліся да цяперашняга часу цалкам, або выяўлены пры рэстаўрацыі. Як мы ўжо зазначалі, пры пераробках першапачатковыя вокны былі закладзены і падменены новымі з шырокімі налічнікамі. Рэшткі ранейшых вокан можна бачыць у некаторых частках муроў, як, напрыклад, на першым з усходу полі паўднёвага фасаду; адно з такіх вокан захавалася ў нутраной сьцяне, якая аддзяляе гінэкей ад асяродкавае часткі будынку; другое раскрыта пры рэстаўрацыйных працах у заходняй сьцяне, каля паўднёва-заходняга кута, прычым ніжэй яго, у тоўшчы сьцяны знойдзены тайнік; тры вакны аказаліся ў сярэдзіне закамары заходняга фасаду, расчышчанай з-пад тынку разам з бакавымі; нарэшце яшчэ адно вакно раскрыта ў цэнтральнай апсідзе. Усе яны маюць тыповую для XII сталецьця форму вузкага выцягнутага простакутніка з паўцыркульнай перамычкай, прычым у пралёце вакна на заходняй сьцяне знаходзіцца досыць добра захаваны дэкорацыйны фрэскавы росьпіс з расьлінным орнамэнтам романскага тыпу, што разам з паўкруглай формай надворных пілястраў сьведчыць, можа, аб пэўным уплыве з боку заходняй архітэктуры.

Што датычыць іншых дэкорацыйных аздоб, дык рэшткі першапачатковага орнамэнту захаваліся на тым самым першым з усходу полі паўднёвага фасаду, дзе знаходзяцца закладзеныя старадаўнія вокны. Орнамэнт гэты складаецца з вузкага аркавага паяска, які праходзіць на вышыні альтарных апсід паміж першай і другой лапаткамі; першапачаткова, аналёгічны фрыз ішоў, напэўна, навакол усяго будынку, пазьней-жа быў зьнішчаны ў часе, калі прарабляліся новыя вокны, верхнія часткі якіх ляжаць якраз на тэй самай вышыні. Апроч гэтага нязначнага сваім памерам кавалку на надворным фасадзе, такі самы аркавы пояс знойдзены быў пры рэстаўрацыі з нутранога боку заходняй сьцяны, дзе разам з ім ідзе орнамэнтальны паясок, складзены з паглыбленьняў у асноўнай кладцы і ўмацаваных у іх фігурных цаглінак. Аркавы орнамэнт, як вядома, належыць да ліку пашыраных дэкорацыйных мотываў, так што крыніцы яго ў гэтым выпадку з пэўнасьцю вызначыць немагчыма. У сувязі з іншымі, памянёнымі намі вышэй, дэталямі, ён, можа, яшчэ раз паказвае на вядомую сувязь з романскім захадам; але мажліва, таксама, што пахаджэньне яго ў Петрапаўлаўскай царкве павінна тлумачыцца і незалежна ад гэтае сувязі, — тым болей, што па думцы некаторых аўтараў нават романскія аркавыя фрызы маюць у аснове сваёй усходняе, част-