Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/85

Гэта старонка не была вычытаная

беларускага народу на самабытнае існаваньне. У нас часта гавораць: „навошта закапвацца ў старасьвеччыну, калі сягонешні дзень мае столькі рознастайных зьявішчаў“ — гэта, бязумоўна, правільна, але браць тэмы з гісторыі, не спэцыялізуючыся на іх, — гэта ня значыць закапвацца ў старасьвеччыну. Такія колёрытныя моманты ў жыцьці Беларусі, як казацкія паўстаньні, як паўстаньні сялян напярэдадні скасаваньня прыгону, як самы прыгон, — усё гэта адбілася ў народнай творчасьці, а ў мастацкую штучную творчасьць не папала за нязначнымі выключэньнямі. У нас ёсьць шмат твораў, прысьвечаных Каліноўскаму. А была ў нашай гісторыі такая колёрытная фігура, як Сымон Канарскі, пакараны сьмерцю ў 1838 годзе ў Вільні.

Сымон Канарскі быў эмісарам „чырвонай“ групы эмігрантаў і карыстаўся надзвычайна шырокаю популярнасьцю сярод насельніцтва. Ёсьць весткі, што, калі цела расстрэленага было закапана, дык натоўп раскапаў магілу і, зьняўшы з рук і ног яго жалезныя кайданы, паразьдзіраў іх на кавалкі. З гэтых кавалкаў пасьля рабілі пярсьцёнкі на ўспамін пра барацьбіта[1].

Ды ці мала можна было-б знайсьці цікавых тэм з беларускае гісторыі. Беларуская народная казка, беларускія звычаі — яны да гэтага часу чакаюць поэтычнай апрацоўкі.

  1. Беларускі каляндар „Сваяк“ на 1919 г.