Старонка:Прынц і жабрак (1928).pdf/29

Гэта старонка была вычытаная

—  15  —

 


РАЗЬДЗЕЛ IV.

Пачатак прынцавых няшчасьцяў.

Пасьля некалькіх гадзін упартага прасьледаваньня, натаўп, нарэшце, пакінуў маленькага прынца. Пакуль ён яшчэ ў сіле быў выказваць свой гнеў чэрні, гразіць ёй сваею каралеўскаю расправаю ды прыказваць, — што вельмі сьмяшыла яе, — ён здаваўся ўсім гэтым гультаём вельмі забаўным; але калі змога прымусіла яго сьціхнуць, дык ён страціў усякую цікавасьць для сваіх катаў, і яны пайшлі шукаць веселасьці ў іншым месцы. Прынц аглянуўся навокал, але ня мог пазнаць мясцовасьці. Ён быў за мяжою Лёндану — вось і ўсё, што яму было вядома. Ён бязмэтна ішоў наперад; у хуткім часе дамы пачалі радзець і падарожныя трапляліся рэдка. Ён ступіў акрываўленымі нагамі ў ручай, бруіўшы там, дзе цяпер Фарынгдон-Стрыт; застаўся ў вадзе некалькі мінут, пасьля ізноў пусьціўся ў дарогу і, нарэшце, апынуўся на шырокім пляцы з крыхаю раскіданых дамоў і вялікай цэркваю. Ён пазнаў цэркву. З усіх бакоў яе стаяла рыштаваньне і па ім поўзала грамада работнікаў — ішоў рэмонт сьвятыні. Прынц сабраўся з духам, у надзеі, што няшчасьцям яго надыйшоў канец. „Гэта старая францішканская цэрква“, загаварыў ён, „яе, бацька мой, кароль, адабраў ад манахаў і перавярнуў у прытулак для бедных і пакіненых дзяцей, назваўшы яго Хрыстовым домам. Бязумоўна, ахвотна яны прыслужацца сыну таго, хто гэтак велікадушна абышоўся з імі, тым болей, што сын гэты ў цяперашні мамэнт гэтак бедны й пакінены ўсімі, як хаця хто з сіротаў, якія знайшлі ці знайдуць тутака страху”.

Хутка ён апынуўся ў натаўпе хлопчыкаў, бегаўшых, дзыгаўшых, гуляўшых у мячык і чыхарду, — проста кажучы рабіўшых забаўкі на роз-