Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/46

Старонка праверана

пашкоджаньні кішочніка раньні тэрмін опэрацыі, хоць і мае вялікае значэньне, але не зьяўляецца рашаючым момантам, як у радзе іншых пашкоджаньняў жывата. Сярод памершых маіх хворых было 4 выпадкі пашкоджаньня тоўстай кішкі, 2 выпадкі — тонкай і тоўстай; 2 выпадкі — толькі тонкай; аднаго хворага прывезьлі вельмі позна і ён не опэраваўся.

Пашкоджаньні печані наогул даюць вялікі процант сьмяротнасьці. У 1912 г. Магула на 109 выпадкаў атрымаў 44 проц. сьмяротнасьці. Тэле у тым-жа годзе — на 260 выпадкаў (зборная статыстыка) — 61 проц.; у 1928 г. Дзеравенка на 19 уласных выпадкаў меў 57 проц. сьмяротнасьці; Грэхэм (1927) на 11 выпадкаў — 4 сьм. — 36 проц. Такім чынам мы бачым, што процант застаецца вялікім. Заблудоўскі да 1907 г. налічыў 31 выпадак, з 42 проц. сьмяротнасьці; а Эдлер (1887 г.) меў сьмяротнасьць ў 86 проц. Таму мы можам гаварыць толькі пра адносны прогрэс за апошнія 40-50 год; мабыць, апошні абавязан толькі лепшай пастаноўцы экстрэнай хірургічнай дапамогі.

Аднак, ня ўсе параненьні печані даюць аднолькавы процант сьмяротнасьці. Найбольш цяжкія вынікі даюць закрытыя пашкоджаньні, агнястрэльныя параненьні і потым параненьні, асладненыя пашкоджаньнем іншых органаў. Гэта добра відаць з наступных лічбаў:

Абухоўская больніца (1912 г. Балярскі):
падскурныя разрывы 18 выпадкаў, сьмярцей 15 — 83,3 проц.
агнястрэльныя параненьні 6 2 — 33,3
рэзаныя раны 85 26 — 30,5
109 43 — 44 проц.
Тэле:
аскладненыя пашкоджаньні печані 59 выпад. сьмяротнасьць 62,5 проц.
агнястрэльныя параненьні 139 38
аскладн. агнястрэльныя паранен. 110 77

На маім матэрыяле поўнасьцю сьцьвярджаецца агульнае палажэньне пра пашкоджаньні печані. Я меў на 5 выпадкаў 4 сьмерці. Усе параненьні былі агнястрэльныя, аскладненыя і іншымі пашкоджаньнямі — параненьнямі страўніка і г. д. Пры гэтым: аднаго хворага прывезьлі на 10-ты дзень — памёр ад пэрытоніту, у другога былі параненьні печані, лёгкіх, страўніка і ныркі — памёр ад сэпсісу (гнойнік лёгкага); 3-ці хворы памёр вельмі хутка ад цяжкага крывяцячэньня; 4-ты хворы, прывезены праз суткі, памёр ад пэрытоніту (параненьне печані і страўніка).