Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/8

Старонка праверана

вых ведаў, мы маглі стварыць тую соцыяльную абстаноўку, якая дала-б магчымасьць поўнасьцю гэтыя веды рэалізаваць.

Профіляктыка адыгрывае вялізарную ролю ў такіх групах, як траўмы, запаленьні і расстройствы жыўленьня. Рацыянальна выкарыстаныя профіляктычныя мерапрыемствы ўжо зараз выявяцца ў значным зьмяншэньні сьмяротнасьці ў гэтых групах.

У адносінах да захворваньня, якое ўжо пачалося, важнай зьяўляецца сваячасовая яго дыягностыка. Апошняя распрацавана цяпер вельмі добра, але яна патрабуе часта адпаведных інструмантаў і абстаноўкі (лябораторыя, рэнтген, інструмэнтальныя мэтоды), г. зн. упіраецца ў соцыяльна-экономічную проблему. Цяжэй, чым дыягназ захворваньня, — задача выявіць жыцьцёвую ўстойлівасьць організма, што асабліва важна пры хірургічным мэтодзе лячэньня, які ставіць рад патрабаваньняў да сіл хворага. Як ня мала дасканалымі зьяўляюцца нашы веды і магчымасьці ў гэтай галіне, але і яны давалі-б значна больш вынікаў, калі-б іх можна было ўжываць паўней і шырэй, чым мы гэта робім цяпер, з-за недахопаў апаратуры, перагружанасьці ўрачоў, ложкаў і т. д.: зноў рашаючым зьяўляецца соцыяльна-экономічны мотыў.

Хірургічным захворваньнем мы называем такое, пры якім ужываецца хірургічная мэтодыка лячэньня — якой бы яна ня была — консэрватыўнай ці опэрацыйнай. Гэта мэтодыка вызначаецца складанасьцю і дыфэрэнцыяванасьцю, уключаючы ў сябе коопэрацыю раду асоб, дзеяньне апаратаў, інструмантаў і т. д. Таму пытаньне пра «абстаноўку» мае вялізарнае значэньне, цалкам залежачы ад таго-ж соцыяльна-экономічнага фактару. Пэўны процант смяротнасьці ад інфэкцыі, ад лёгачных ды іншых аскладненьняў залежыць ад гэтага фактару «абстаноўкі». Даволі часта гэты фактар зьяўляецца і прычынай некаторых тэхнічных памылак хірурга (адсутнасьць патрэбнага інструманту і д. т. п.).

Значэньне «запушчанасьці» выпадкаў, што рэзка павышае сьмяротнасьць, будзе дастаткова высьветлена ніжэй: ад 30 проц. да 40 проц. сьмярцей трэба аднесьці за лік гэтага моманту, які знаходзіцца, галоўным чынам, у сувязі з малакультурнасьцю, беднасьцю, адсутнасьцю сродкаў зносін, г. зн. у аснове з момантамі соцыяльнага характару.

Нарэшце, так званыя дыягностычныя і тэхнічныя памылкі хірурга ў вялікай ступені знаходзяцца ў сувязі з яго кваліфікацыяй, а апошняя — з соцыяльна-бытавымі ўмовамі выхаваньня ўрача.