Старонка:Творы (Александровіч, 1932—1933). Кніга 1.pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

ШАВЕЦ


Засядзеўся сягоньня, ажно да агня,
зьнемаглася рука, здранцвела.
А глянеш — прыемна, як глянсам зьвіняць
камашы замшава-белыя.

Марудна штось праца сягоньня цякла,
пад сэрцам сьпякота смактала.
На вуліцы лужамі восень лягла,
імглою брук ласкатала.

На варштаце начыньне, бяз іх, што бяз рук,
прападзеш за нішто, як бяз працы.
Шыла няма — спрабуй, зашнуруй,
без нажа — дарабі абсацы?

Фумаль, шпілёрг, нават шпандар і той
пры рабоце, як вінцік машынны.
І хром і шаўро прападуць за нішто;
Не шавец — калі ён без, начыньня…

Засядзеўся сягоньня, ўсё-ж скончыў заказ,
хоць агні ўжо ў вітрынах дрыжэлі…
Зьнямогся за дзень… Аслабела рука,
утомаю плечы самлелі.