Яны кінуліся к дзвярам, адчынілі іх і ўжо на дварэ зайшліся брэхам. Міхалка кінуўся ў сенцы. Там крычалі перапалоханыя гусі; зорнае неба відно было ў адчыненых дзвярах; і стаяла чалавечая постаць.
— Не выходзь! — гукнуў чалавек на Міхалку.
— Я тутэйшы, я тут у гаспадара каровы пасу.
— Ідзі ў хату.
Ён пайшоў адразу ў гаспадарскі пакой. Там стаяў збялелы Скуратовіч і даводзіў перад двума вайсковымі, што сын яго ў арміі.
— А дзе твой пастушок? Ага, от ён. Ну, дзе яго шукаць?
Гэта быў момант вялікай пакуты для Міхалкі. Хоць ён ужо ўдзень і расказаў усё, хоць нядаўна яшчэ і крычаў на Скуратовіча „давай сала, а то раскажу“, аднак, бачачы сябе ўцягненым у гэтую справу, у якой „і суд і смерць“ (а ён гэта ўжо бачыў з часу гаворкі з Зосяй), ён так захваляваўся і затрывожыўся, што нават з нейкай надзеяй глянуў на Скуратовіча. Той аж уеўся ў яго вачыма. „Маўчы, або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю“ — гаварыў Скуратовічаў позірк. „Калі-ж я ўдзень ужо расказаў“ — малілася перад Скуратовічам уся Міхалкава істота. Галодныя малыя сёстры і браты як-бы выстраіліся перад ім у шарэнгу і патрабавалі хлеба, якога ў Скуратовіча многа. Вялікае ўтрапенне гняло Міхалкаву душу.
— Дзе яго сын?
Міхалка пачаў заікацца.
— Я чуў, што ён не ў арміі.
— Сам-жа ты ўдзень сёння гаварыў, што бачыў яго. Гаспадара баішся?
Скуратовіч, як падстрэлены, раптам сеў на канапку. „Скончана ўсё“ — казала смяротная халод-