Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/88

Гэта старонка не была вычытаная

павыскоквалі праз вокны. Усё прадавольства згарэла, склады з бомбы паўзрываліся, то небаракі жабраваць пайшлі, калі з голаду не пазайходзяцца. Зіма ідзе, можа іх як-небудзь абуюць. Бандыцкі налёт быў…

— А-яй, скажы ты!

— Усяк гавораць. Нават і так, што гэта, нібыта, здагадваюцца, што расстрэлянага Скуратовіча сын камандуе бандыцкай хэўрай і за бацьку папомсціўся. Не глядзіць ні вока, ні бока: паліць і крышыць. Усяк гавораць, а праўда ці не — то хто гэта можа ведаць. Мы людзі, сказаць, простыя і працавітыя. Калі не заробіш, то і есці не будзеш. Але чутно, паміж людзей гавораць.

Міхалку як гром аглушыў. Яму стала страшна. „Не пайду на адзіноту служыць“. Яго ў трывозе пацягнула да Зосі. Знайсці яе было не лёгка, яна таксама хадзіла па людзях, шукаючы работы. Яшчэ ніколі не было ёй так цяжка жыць, як цяпер. Яна сказала Міхалку:

— Я пайду ў горад. Там і смялей і там ёсць у мяне такія людзі…

— Якія людзі?

— Памятаеш, хворы чырвонаармеец ехаў дадому і Скуратовіч вёз яго. Ён быў у нас у хаце. Ён мне свой адрас пакінуў і гаварыў са мною, як брат родны. Ён як і ведаў, што мне так цяжка прыдзецца. Можа ён паможа мне прыстаць дзе. Я цяпер адна, нікога ў мяне няма…

— І я з табой пайду. Можа і я там дзе астануся.

І яны згаварыліся ісці разам. Вышлі яны ў дарогу яшчэ да ўсходу сонца, поўныя няясных надзей. На палавіне дарогі ён пачаў раздумваць: ці не вярнуцца назад? Яго цягнула к сабе дзічка на Скуратовічавым полі, яму здавалася, што ён не павінен далёка з гэтай мясцовасці адыходзіцца