Скуратовічава жыта ў мяне выдумаў і можа хочаш, каб я табе барыша ставіў? Я табе не Скуратовіч! Скуратовіч быў бандыт, як пасля выявілася, хто гэта мог ведаць! Ніхто гэтага не ведаў, а ты ведаў і маўчаў. Бандыта пакрываў і цягнуў ад іх усё. Эйш ты, смурод! Колькі цябе ёсць, а ўжо на хітрыках хоча на свеце жыць! Ты не чапіся да мяне, бо закапаю, калі захачу. Я ведаю пра цябе.
Сцепуржынскі тупаў нагамі і моцным сваім шэптам, каб ніхто не чуў, палохаў Міхала Тварыцкага. А той спалохаўся не на жарты, аж у грудзях яго заныла. Ён, як пачынаў гаворку з Сцепуржынскім, думаў, што напалохае таго і, яны сыйдуцца на тым, што падзеляць напалам Скуратовічава жыта. Аж вышла, што сам Сцепуржынскі можа яго „закапаць“.
— Я цябе навылёт бачу! — пырскаў слінай Сцепуржынскі, сам, аднак, млеючы ад страху: „а што, калі ён не спалохаецца і пойдзе заявіць пра маю справу з Скуратовічам? Ён за мяне можа быць смялейшы, ён яшчэ недарослы, а я?“ Пасля ён убачыў, што Міхал Тварыцкі аж уныў са страху і сам пасмялеў. Аднак-жа брыдкі асадак страху і прыкрасці ў яго астаўся. Ён думаў, ці адважыцца пайсці на адкрытую і даць Міхалу Тварыцкаму грошай і такім парадкам можа ўдасца пахаваць справу навек, або нават і не падаваць віду, што былі ў яго з Скуратовічам якія-небудзь справы. Ён зрабіў апошняе: яшчэ раз крыкнуў на Міхала Тварыцкага, завярнуўся і, надаючы ўсяму павароту сваёй постаці смеласць і рашучасць, пайшоў у карчомную хату. Міхал Тварыцкі з самым мізэрным і беспарадным выглядам пачаў збірацца ў дарогу. Так яны, баючыся адзін аднаго, раз‘ехаліся пасля выпадковага спаткання, кожны ў свой бок. Праз гадзіну абоз выехаў з карчомнай стадолы ў дарогу.