Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

Верашчынскага. Па другіх даных[1] Варшава не згадзілася з прапановай Віленскага Камітэту, і Дюлёран застаўся на месцы. Дзякуючы гэтаму ўзаемаадносіны паміж Варшаваю і Вільняю завастрыліся. Здаецца, трэба прызнаць больш правільнымі другія даныя.

Бязумоўна самаю выдатнаю фігураю ў Віленскім чырвоным Камітэце быў Кастусь Каліноўскі. На жаль мы маем мала матар‘ялаў, каб даць яго вычэрпваючую біографію.

К. Каліноўскі радзіўся 21 студзеня 1836 году ў невялікім фальварку Мастаўляны (па другіх вестках у фальварку Якушоўка) Ваўкавыскага павету Горадзенскай губэрні. Бацькі К. Каліноўскага паходзілі з дробнай зьбяднелай шляхты і ўжо ня мелі ўласнай зямлі. На нейкі час бацька Каліноўскага апынуўся ў дробнабуржуазнай розначынскай групе і заняў пасаду дробнага ўрадоўца, але, як нядобранадзейны, быў зволены з пасады. Тады ён пачаў арэндаваць чужыя фальваркі і гэтым здабываць хлеб і карміць даволі вялікую сям‘ю. Урэшце мы бачым, што ён зьвярнуўся да рамясла. Тады на Беларусі было вельмі пашырана ткацтва. Гэтаю справаю заняўся і бацька К. Каліноўскага. Па адных даных Сымон Каліноўскі (бацька Кастуся) быў майстрам-наглядчыкам, па другіх—уласьнікам ткацкай майстэрні, якая налічвала да 20 ткацкіх варштатаў і знаходзілася недалёка ад мястэчка Сьвіслачы Горадзенскай губэрні. Майстэрня была даволі добра пастаўлена. Яна магла вырабляць і вырабляла, апроч звычайнага палатна, лепшы гатунак палатна, вядомага ў тыя часы пад назваю ангельскага. У майстэрні працуе ўся сям’я Сымона Каліноўскага. Кастусь Каліноўскі таксама з дзяцінства працуе пры варштаце і вывучае ткацкае рамяство.

Падросшы Кастусь пападае ў навуку ў Сьвіслацкую пяціклясавую прогімназію, якую ён даволі пасьпяхова канчае. Пасьля сканчэньня гэтай школы, ён нейкі час жыве дома, працуючы ў майстэрні і рыхтуючыся да экзамэну ў унівэрсытэт. Каля 1857 году Кастусь Каліноўскі, накіраваўся ў Маскву, дзе яму ўдалося паступіць у лік студэнтаў юрыдычнага факультэту унівэрсытэту. Але ў Маскве яму ўдалося прабыць ня больш году. За ўдзел у нейкіх студэнцкіх „непарадках" яго адтуль хутка выключылі. Пасьля даволі вялікіх мытарстваў і труднасьцяй К. Каліноўскаму ўдалося паступіць на юрыдычны факультэт Пецярбурскага унівэрсытэту. Тут ён правучыўся да канца курсу і скончыў яго, атрымаўшы годнасьць кандыдата праў.

Будучы студэнтам унівэрсытэту, Каліноўскі жыве звычайным жыцьцём студэнта-розначынца, настроенага радыкальна. Ён блізка зыходзіцца з студэнцкімі рэволюцыйнымі коламі і ўдзельнічае ў расійскіх падпольных опозыцыйных і рэволюцыйных гурткох, а таксама і ў рэволюцыйных польскіх гурткох. На яго сьветапагляд як і наогул на сьветапагляд тагочаснай інтэлігенцкай моладзі, робяць вялікі

  1. Z. L. S. Historya dwoch lat. 1861-1862; T. V. W Krakowie. 1896, ст. 315