Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/107

Гэта старонка не была вычытаная

стаўнікі Дырэкцыі, так і прадстаўнікі белага Віленскага Камітэту. Ад Беларусі да Велепольскага прыехаў для таго, каб адгаварыць яго ад правядзеньня спэцыяльнага набору, Віктор Старжынскі, які быў у вельмі блізкіх адносінах з Велепольскім. Ён вызначаў, што набор дасьць выхад тым, хто гвалтам хоча паўстаньня, што набор ёсьць гульня з агнём, які можа запаліць вялікі пажар у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне. Велепольскі на ўгаворы ня здаўся. Ён гаварыў так: „Верад набрак, і яго трэба расьсячы. На працягу тыдня спраўлюся з паўстаньнем, тады буду мець поўную магчымасьць спакойна кіраваць". Такім спосабам, набор павінен быў адбыцца. Тэрмінам для яго сакрэтна было вызначана 25 студзеня 1863 году.

Усё гэта хутка стала вядома Цэнтральнаму Народнаму Камітэту. Камітэт даволі нерашуча таптаўся на месцы і ня ведаў, што рабіць. Тады сабраўся гарадзкі аддзел організацыі, які выразна паставіў пытаньне: што цяпер трэба рабіць. Адказаць на гэтае пытаньне пры склаўшыхся абставінах было цяжка. Пасьля доўгіх гарачых спрэчак гарадзкая варшаўская організацыя вынесла пастанову, каб выбух паўстаньня прысьпяшыць і, такім чынам, ня даць магчымасьці набору адбыцца. За гарадзкой організацыяй пайшлі і провінцыяльныя організацыі. Паўстанцкі камісар аднаго з ваяводзтваў склікаў зьезд усіх ваяводзкіх камісараў. Зьезд камісараў вынес пастанову аналёгічную з пастановай гарадзкой організацыі, іменна: настойваць перад Цэнтральным Камітэтам, каб паўстаньне было адказам на набор, які зьяўляецца надзвычайна незаконным актам дзейнасьці расійскага ўраду і Велепольскага. Гэтыя абедзьве пастановы былі прысланы ў Камітэт праз дэлегатаў. Камітэт пад націскам нізавых організацый павінен быў згадзіцца з імі. Тэрмінам для пачатку паўстаньня была вызначана ноч з 22 на 23 студзеня.

Згодна з гэтым моладзь яшчэ з 10-х лічбаў студзеня пачала выходзіць з Варшавы і іншых гарадоў у лясы і рыхтавацца да ўзброенага выступленьня. Аб такім руху сярод моладзі хутка даведалася адміністрацыя. Велепольскі ў адказ на гэты рух настаяў на ўрадавым загадзе аб прысьпяшэньні набору. У Варшаве набор адбыўся ў ноч з 15 на 16 студзеня. У гэтую ноч усе вуліцы былі заняты поліцыяй і салдатамі, якія арыштоўвалі вызначаных па сьпісках рэкрутаў, а тых, хто супраціўляўся, закоўвалі ў ланцугі і вялі да цытадэлі. Ня гледзячы на гэта, вялікаму ліку рэкрутаў удалася прарвацца праз рагаткі і патрулі і ўцячы з Варшавы ў вакольныя лясы. Усяго з Варшавы ў гэтую ноч ўдалося ўзяць толькі 1657 рэкрутаў. Перадчасовы набор рэкрутаў падняў рэволюцыйны настрой сярод жыхарства Варшавы і ўсяго краю, асабліва сярод рамесьнікаў і рабочых. Зразумела, што цяпер паўстаньне павінна было распачацца.

У сувязі з гэтым Цэнтральны Камітэт павінен быў прыняць адпаведныя крокі. На адным з першых пасяджэньняў было ўхвалена запрапанаваць Л. Мераслаўскаму прыняць на сябе галоўнае каманда-