Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

У другой палове лютага распачаў сваю паўстанчую чыннасьць у Віленскай губэрні Людвік Нарбут, сын вядомага гісторыка Літвы Тодара Нарбута. За нейкае політычнае злачынства Людвік Нарбут яшчэ ў часы мікалаеўскага рэжыму быў высланы на Каўказ у якасьці простага салдата. Тут ён даслужыўся да афіцэрскіх чыноў і перад паўстаньнем вярнуўся на Беларусь. У другой палове лютага Нарбут набраў аддзел, які складаўся толькі з 15 чалавек, і пачаў дзейнічаць у Рудніцкай пушчы, што цягнулася паміж Лідаю і Мерачам. Аддзел Нарбута паступова ўзрастаў і хутка налічваў у сваім складзе ўжо да 100 чалавек. Аддзел быў добра ўзброены, дысцыплінаваны і навучаны.

Першая сутычка Нарбута з урадавым войскам адбылася 28 лютата ў Рудніцкай пушчы, за рэчкаю Мерачанкаю. Расійскі аддзел ня вытрымаў дружнага націску паўстанцаў, быў разьбіты і адышоў. Другая сутычка Нарбута з расійцамі адбылася ў палавіне красавіка пад вёскаю Дубіны. Расійскі аддзел таксама быў разьбіты. У канцы красавіка Нарбуту ўдалося яшчэ раз разьбіць расійскія сілы пад Лакштубянамі. Сацыяльная програма Нарбута і яго посьпехі рабілі імя Людвіка Нарбута вельмі популярным як наогул сярод паўстанцаў, так і сярод сялян.

Зьвярнула ўвагу на Нарбута і расійская ўлада. Трэба было скончыць з паўстанскім аддзелам, які псаваў столькі крыві мясцоваму расійскаму начальству. У першых днях мая з Горадні быў высланы моцны ўрадавы аддзел пад камандаю палкоўніка Цімафеева, якому было даручана расправіцца з аддзелам Нарбута. Зноў пад Дубінамі 11 мая 1863 г. адбылася бойка, у якой Нарбут быў забіты, а яго аддзел разьбегся, шукаючы ратунку ў лясох. Ваколічныя сяляне з вялікім спачуваньнем пахавалі забітага. Апісаньне бойкі мы знаходзім у запісках кн. Імерэцінскага. Падаем коратка яго зьмест.[1] Палкоўнік Цімафееў атрымаў весткі, што аддзел Нарбута знаходзіцца ў в. Дубіны. Ён пакіраваўся туды, але аддзелу Нарбута там не знайшоў, бо паўстанцы схаваліся ў лесе за рэчкаю. Цімафееў адышоў ад Дубін. Хутка яму стала вядома, што група Нарбута знаходзіцца блізка ад Дубін, і ён вярнуўся назад. Паўстанцы не чакалі гэтага і спакойна займаліся практыкаваньнем у стральбе. На запытаньне Цімафеева, якія гэта чутны стрэлы, яму адказалі, што за рэчкаю ідзе паляваньне. Двое з афіцэраў захацелі таксама прыняць удзел у паляваньні і пайшлі за рэчку. Там яны і прымецілі аддзел Нарбута. Вярнуўшыся ў Дубіны, яны расказалі ўсё Цімафееву. Расійскі аддзел пайшоў атакаю на паўстанцаў. У часе бойкі Нарбут быў паранены раней у ногу, потым у грудзі і ад ран сканаў. Аддзел, страціўшы начальніка, быў разьбіты.

  1. Н. Имеретинский. Воспоминания о графе М. Н. Муравьёве. Исторический Вестник. 1892 г. Т. 50., ст. 600—635. П. І. Г. Н. т. V.