Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

Сяляне, даведаўшыся аб сьмерці Нарбута, прынесьлі ў вёску яго цела і пахавалі. Як за гэтае пахаваньне, так і наогул за спачуваньне паўстанцам, на ваколічнае сялянства потым пасыпаліся ўрадавыя рэпрэсіі.

ПЕРАМЕНЫ Ў ВАРШАЎСКІМ І ВІЛЕНСКІМ КАМІТЭТАХ.

Мы ўжо зазначылі раней, што Цэнтральны Камітэт, выносячы пастанову аб пачатку паўстаньня, ухваліў выклікаць з-за граніцы Людвіка Мераслаўскага ў якасьці дыктатара і галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі паўстаньня. З адпаведнымі мандатамі выехаў у Парыж, дзе жыў тады Л. Мераслаўскі, Яноўскі.[1] Па дарозе ён папаў у рукі поліцыі і павінен быў зьнішчыць усе компромэтуючыя яго паперы, у тым ліку і запрашэньне Мераслаўскаму. Пасьля гэтай няўдачы ў Парыж да Мераслаўскага паехаў другі член Цэнтральнага Камітэту Данілеўскі. Яму ўдалося, урэшце, пабачыцца з Мераслаўскім і перадаць яму-ўпаўнаважаньне Жонду. Мераслаўскі прызначэньне прыняў, аб чым даў пісьмовы адказ Камітэту.

Мераслаўскі зьявіўся на тэрыторыю Польшчы ў сярэдзіне лютага. 1863 г. Недалёка ад Крывасонда яго спаткаў Данілеўскі з невялікім паўстанскім аддзелам у 40 чалавек. Аддзел павінен быў іграць ролю ганаровай варты дыктатара. Пад загад дыктатара ішоў да Крывасонда аддзел паўстанцаў пад камандаю Меленцкага; аддзел складаўся з 150 конных, 150 стральцоў і 200 касіньераў. Па дарозе аддзел разьбіўся на некалькі груп, якія згубілі адна другую і блукаліся па лясох. Да стаянкі Мераслаўскага дайшла толькі адна невялікая група з атраду Меленцкага, якая складалася з некалькіх дзесяткаў конных паўстанцаў. Такім чынам, калі лічыць дзесяткі два з паловаю прыбылых з Мераслаўскім з-за межаў рэволюцыянэраў, то ўвесь аддзел дыктатара складаўся прыблізна з 100 чалавек. Аддзел быў дрэнна ўзброены, а малады, яго склад быў яшчэ слаба знаёмы з вайсковай справай. Мераслаўскі ня гледзячы на гэта адразу выявіў звычайную для яго энэргію. Была наладжана паходная кузьня, у якой косы прыстасоўваліся пад зброю, старая зброя паднаўлялася і г. д. Моладзь сьпешна навучалася вайсковай навуцы пад кіраўніцтвам самога Мераслаўскага. Справа станавілася на моцныя ногі.

Але на няшчасьце толькі тры дні цягнулася гэтая падрыхтоўка. Ужо 19-га лютага на невялікую паўстанскую групу дыктатара зрабіў напад даволі значны расійскі аддзел, які складаўся з трох з палавінаю рот пяхоты і сотні казакаў. Адбылася зацятая бойка, але сілы былі няроўныя, як па колькасьці, так і па якасьці. Аддзел Мераслаўскага, згубіўшы параненымі і забітымі каля палавіны свайго складу,

  1. Родны брат Ю. К. Яноўскага, аўтара ўспамінаў.