Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/121

Гэта старонка не была вычытаная

„якабінец", „пякельны дэмагог", які ставіў перад паўстаньнем яўна выразныя сацыяльныя мэты. Белыя добра разумелі, што Мераслаўскі іх заўзяты вораг. Недарма ў Польшчы хадзілі тады словы, якія прыпісваліся Мераслаўскаму, што „Польшча будзе сапраўды вольнаю тады толькі, калі на кішцы апошняга ксяндза павесяць апошняга шляхціца". Зразумела, белыя прынялі ўсе меры, каб не дапусьціць Мераслаўскага ў Польшчу, а калі ён прыехаў сарваць яго дыктатуру.

Што датычыць кіраўнічага цэнтру паўстаньня, дык і тут пачалося паступовае перараджэньне. Члены Цэнтральнага Камітэту старога складу разьехаліся з Варшавы на месцы, каб непасрэдна кіраваць паўстаньнем. У Варшаве сядзела жондавая выканаўчая камісія, якая была папоўнена 15 сябрамі вельмі памяркоўнага напрамку. Шмат чырвоных, у тым ліку і членаў Камітэту, ужо не вярнуліся ў Варшаву. Яны ці паляглі на полі бойкі, як, напрыклад, Яноўскі, ці папаліся ў рукі расійскай улады і былі пакараны сьмерцю, як, напрыклад, Падлеўскі. Гэта аддало ўвесь уплыў на справы ў рукі памяркоўных, якія з свайго боку папалі пад уплывы белых. На чале жондавай Камісіі стаў зусім памяркоўны, нават белы, Гілер, сьмяртэльны вораг Мераслаўскага, які паставіў для сябе заданьнем злучэньне чырвоных з белымі.

Белыя з свайго боку таксама ішлі на злучэньне з чырвонымі. Перакананьне іх у тым, што паўстаньня ня будзе, правалілася. Праваліліся і спробы на згоду з Велепольскім і царскім урадам. Спыніць паўстаньне, зразумела, яны не маглі. Трэба было так ці інакш дастасоўвацца да паўстаньня, каб ня быць выкінутымі за борт руху і не застацца бяз ўплыву на яго. Так думала і парыская белая эміграцыя на чале з фаміліяй Чартарыйскіх. Ужо ў палове лютага з Парыжу, з готэлю Лямбэр, у Варшаву прышоў да Дырэкцыі загад аб тым, што яна павінна падтрымліваць паўстаньне і пастарацца захапіць кіраўніцтва ім у свае рукі.

У сувязі з гэтым было ўхвалена склікаць у Кракаве зьезд з прадстаўнікоў белых організацый усіх дзяльніц былой Польшчы, з прысутнасьцю дэлегата ад Варшаўскага Народнага Жонду. Мэтаю зьезду было „паднавіць" існаваўшы жонд паўстаньня. У якасьці „дэлегата" ад Варшаўскага Жонду на зьезд зьявіўся граф Адам Грабоўскі, які ў сапраўднасьці зусім ня меў мандату на гэты зьезд і быў ня больш як лоўкім самазванцам-авантурнікам. Зьезд адбыўся ў 20-х лічбах лютага 1863 году. Ён аднагалосна ўхваліў неабходнасьць абвяшчэньня дыктатуры і прызнаў пратрэбным назначыць дыктатарам замест Мераслаўскага Марыяна Лангевіча, што стаяў з сваім паўстанскім аддзелам недалёка ад Кракава. Гэта быў вельмі памяркоўны паўстанец і зусім не энэргічны чалавек, якога белыя вельмі лёгка маглі трымаць у сваіх руках. Дыктатура Лангевіча была агалошана 10 сакавіка. Варшаўскі Народны Жонд павінен быў згадзіцца з адбыўшымся фактам. Шля-