Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/129

Гэта старонка была вычытаная

саў грунтоўна законсьпіроўвала яго нелегальную рэволюцыйную працу. Сваю аўтобіографію ён даволі дэтальна апісвае ў паказаньнях перад судом. „Выхоўваўся я ў бацькоў у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. Яны для майго выхаваньня трымалі настаўніка па прозьвішчы Піотуха. Потым я вучыўся ў Лепельскай павятовай школе Віцебскай губэрні, куды паступіў у 1837 годзе. Скончыўшы чатыры клясы павятовай школы, у 1841 годзе, я паступіў у пятую клясу Менскай гімназіі, якую скончыў у 1844 годзе. Пры выпуску за добрыя посьпехі ў расійскай мове мне было нададзена права на атрыманьне чына 14 клясы пры паступленьні, на дзяржаўную службу. Знаходзячыся ў павятовай школе і ў гімназіі, на коляды і на вялікдзень, а таксама і на летнія вакацыі я езьдзіў да бацькоў. Дзякуючы беднасьці маіх бацькоў ужо ў павятовай школе я быў прымушаны быць рэпэтытарам пры дзецях настаўніка нямецкай мовы Бэрмана. У гімназіі я таксама ўтрымоўваў сябе прыватнымі лекцыямі: з 1841 году да ліпня 1842 году я быў дамовым настаўнікам пры сыне былога губэрскага страпчага Семянкевіча, а з паловы 1842 году да сканчэньня гімназіі я быў настаўнікам пры дзецях Бардскага, што быў у тыя часы сакратаром Менскага дэпутацкага сабраньня. Па сканчэньні гімназіі я заставаўся ў Менску і, як раней, даваў прыватныя лекцыі дзецям Бардскага і аднаму з сыноў памешчыка Лапіцкага. У чэрвені 1845 году, пабачыўшыся з крэўнымі, я накіраваўся ў Пецярбург, дзе ў гэтым-жа годзе паступіў у унівэрсытэт, у якім праз 4 гады, г. зн. ў 1849 годзе, скончыў курс навук з годнасьцю кандыдата праў. На працягу ўсіх чатырох год свайго жыцьця ў унівэрсытэце і першыя часы пасьля сканчэньня яго я ўтрымоўваў сябе як на грошы, што засталіся ў мяне ад гімназіі, так і на лекцыі, якія я даваў тым, хто рыхтаваўся ў унівэрсытэт, у школу правазнаўства, у школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і іншыя навучальныя ўстановы. На службу я залічыўся ў 1850 годзе[1]. Як мы бачым з аўтобіографіі Агрызкі, перад намі тыповы прадстаўнік розначыннай, дробнабуржуазнай інтэлігенцыі.

На службе Ё. Агрызка пасоўваўся вельмі шпарка. У 1863 годзе, як мы бачым, ён займае ўжо вельмі, відную пасаду. Гэтая пасада дае яму магчымасьць глыбока законсьпіраваць сваю рэволюцыйную чыннасьць. Ня гледзячы на вельмі шырока разьвінутую чыннасьць Пецярбурскага Аддзелу, Агрызка быў зусім незападазроным на працягу 1863 і нават 1864 году. Толькі ў 1865 годзе яго скомпромэтавалі некаторыя паперы, што былі знойдзены ў аднаго паўстанца ў Вільні. „Віцэ-дырэктар“ настолькі быў па-за ўсякімі падазрэньнямі, што Мураўёву з вялікімі цяжкасьцямі ўдалося дабіцца арышту Агрызкі. Пасьля гэтага Агрызка быў пераведзены ў Вільню для дапросу ў спэ-

  1. Н. В. Гогель. Иосафат Огрызко и Петербургский революционный жонд в деле последнего мятежа. Вильна. 1867 год, ст. 21-22