Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/130

Гэта старонка была вычытаная

цыяльнай сьледчай камісіі. Тут ён доўга трымаўся і не прызнаваўся ў сваім удзеле ў рэволюцыйнай чыннасьці. Калі камісія дабілася ад яго прызнаньня, дык ён гаварыў толькі аб сабе і нікога ня выдаў, ня гледзячы на ўсякага роду пагрозы і абяцаньні з боку членаў камісіі. Па суду ён быў прыгавораны да кары сьмерцю, якая была заменена 20-гадоваю катаргаю. Сваю кару Агрызка адбываў у турме ў Вілюйску, разам з вядомым расійскім рэволюцыянэрам Чарнышэўскім. Адбывалі яны катаргу ў вельмі цяжкіх умовах. Турма ў Вілюйску была як-бы магілаю для жывых людзей. Чарнышэўскаму ўдалося ўцячы з катаргі, а Агрызка адбыў тут свой тэрмін да канца. Сьведкі кажуць,[1] што турма-магіла памуціла розум Агрызкі, і ён вышаў з яе ненормальным чалавекам. Астатнія гады Агрызка пражыў у Іркуцку, дзе і памёр у 1890 годзе.

Чыннасьць Пецярбурскага рэволюцыйнага Аддзелу шырака разьвінулася. Аддзел наладзіў сувязь з расійскімі і польскімі гурткамі ў розных гарадох Расіі і падпарадкаваў польскія гурткі сабе. Аднэю з галоўных работ Аддзелу было зьбіраньне грошы сярод польскага жыхарства ў Расіі ў форме народнага падатку на паўстанскія патрэбы. Звычайна грошы, сабраныя ў Расіі, не перасылаліся ў Варшаву, а заставаліся ў Пецярбургу. Часам, праўда, пры нястачы грошы ў Вільні, Аддзел пасылаў неабходныя сумы туды. Найбольш грошы ішло на адпраўку, экіпіроўку і ўзброеньне тых афіцэраў, што пасылаліся на тэрыторыю паўстаньня ў партызанскія аддзелы. Афіцэры высылаліся амаль выключна на тэрыторыю Літвы і Беларусі. Мелася на ўвазе, што тэрыторыю ўласна Польшчы павінны падтрымліваць ў гэтых адносінах польскія рэволюцыйныя організацыі ў Заходняй Эўропе. Дзякуючы падтрыманьню Пецярбурскага Аддзелу Беларусь і Літва ніколі не адчувалі нястачы ў камандным складзе для паўстанскіх аддзелаў. За некалькі месяцаў паўстаньня на Беларусі і Літве Аддзел накіраваў туды ня менш тысячы афіцэраў. Гэтая лічба як нельга лепей сьведчыць аб энэргічнай працы Пецярбурскага Аддзелу па вярбоўцы афіцэраў. О. Авэйдэ ў сваіх запісках гаворыць, што афіцэраў на Беларусь і Літву было выслана так многа, што шмат іх Віленскім Аддзелам не магло быць выкарыстана і яны доўга заставаліся бяз працы. У такіх выпадках яны перапраўляліся на захад, на тэрыторыю Польшчы. Сярод афіцэраў, якія накіраваны Пецярбурскім Аддзелам на Беларусь, мы можам вызначыць: Серакоўскага, Міладоўскага, двох братоў Ляскоўскіх, Лышчынскага, Чарвінскага, двох братоў Малецкіх, Малахоўскага, Доўнара-Запольскага, Бараноўскага, Чэрняка, Гедройца, Хайноўскага, Маеўскага, Пагажэльскага, Рэбіндэра і інш. Усё гэта была моладзь, якая ўсе выгады і прывілеі афіцэра расійскай арміі прамяняла на бяздомнае, галоднае жыцьцё партызана-паўстанца. Многія

  1. Zofja-Kowalewska. Ze wspomnieri w ygnanca. Wilno. 1911 г., ст. 219 i далей.