Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/131

Гэта старонка была вычытаная

з іх заплацілі за гэта дарагою цаною: хто загінуў у няроўнай бойцы, хто скончыў свае дні на шыбеніцы, хто быў засужданы на катаргу і выгнаньне.

Апроч вышэйвызначаных спраў, Пецярбурскі загранічны Аддзел выконваў час-ад-часу паасобныя даручэньні Варшаўскага Жонду, якія звычайна перадаваліся яму праз Віленскі Аддзел. Так, напрыклад, у красавіку 1863 году Пецярбурскі Аддзел атрымаў даручэньне дастаць топографічныя карты Польшчы, Літвы і Беларусі, выкананыя расійскім генэральным штабам. Зразумела, гэтых карт у продажы ня было, і іх трэба было даставаць вакольным нелегальным шляхам. Ня гледзячы на гэта, заданьне было пасьпяхова выканана, дзякуючы шырокім сувязям Аддзелу і яго грашовым сродкам. Праз два тыдні топографічныя карты ў поўным комплекту былі пераданы ў Вільню, а адтуль у Варшаву. З Варшавы карты былі перапраўлены ў Парыж. У Парыжы карты былі перадрукаваны. Частка іх засталася ў карыстаньні францускага генэральнага штабу, а частка была накіравана на тэрыторыю паўстаньня.

Праз нейкі час Пецярбурскаму Аддзелу было даручана здабыць з расійскага генэральнага штабу пляны крэпасьцяй, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі. Гэтае даручэньне было яшчэ цяжэй выканаць, бо пляны крэпасьцяй аберагаліся штабам яшчэ больш, чым топографічныя карты. Тым ня менш Агрызка здолеў выканаць і гэтае даручэньне. Пляны крэпасьцяй здабыў са штабу інжынэр-капітан Юзэф Каліноўскі (родны брат Кастуся Каліноўскага), які потым загадваў ваеннымі паўстанскімі справамі на Беларусі. Пляны былі перазьняты і праз Вільню і Варшаву накіраваны ў Парыж на выпадак францускай інтэрвэнцыі, у якую верылі паўстанцы таго часу пад уплывам белых.

Самая энэргічная дзейнасьць Пецярбурскага Аддзелу падае на вясну і лета 1863 году. У пачатку восені чыннасьць яго слабне, што выклікаецца вялікаю тратаю людзей і сродкаў на працягу ранейшага часу. Уладыслаў Малахоўскі, адзін з выдатнейшых супрацоўнікаў Кастуся Каліноўскага ў часы яго чырвонай дыктатуры, у жніўні выехаў у Пецярбург у справах паўстаньня. Тое, што ён пабачыў у польскіх рэволюцыйных колах Пецярбургу, зрабіла на яго дрэннае ўражаньне. Ён лічыў, што Пецябурскі Аддзел зрабіўся зусім нядзейным, што Ё. Агрызка зрабіўся зусім неэнэргічным і нават палахлівым. Усё гэта ён напісаў у сваім лісьце да К. Каліноўскага і нават ставіў прапановы зьняць з Агрызкі абавязак начальніка Замежнага Пецябурскага Аддзелу і даручыць гэты абавязак больш рашучаму і энэргічнаму чалавеку. Такім чалавекам У. Малахоўскі лічыў Рымовіча, што быў доктарам пры статс-сакратару Царства Польскага ў Пецярбургу. Магчыма, што гэтая прапанова аб адхіленьні ад выкананьня абавязкаў Е. Агрызкі, атрымаўшага прызначэньне на пасаду ад белага Жонду,