Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/134

Гэта старонка была вычытаная

Паспалітай Польскай, што паўстаньне не пабудуе будучую Польшчу, а што гэта зробіць чужаземная дыплёматыя і інтэрвэнцыя. Такі погляд на паўстаньне быў вынікам белага ўплыву і кіраўніцтва паўстанскім рухам. Паводле гэтага плян імкнуўся захапіць у абшар паўстаньня як-мага большую тэрыторыю. У гэтым, бязумоўна, яго вялікі і політычны і тактычны недахоп.

Па пляну найраней трэба было заняць крэпасьць Дзьвінск. Гэта зрабіла-б вялікае ўражаньне як на тэрыторыі паўстаньня, так і ў Заходняй Эўропе. Серакоўскі, які раней быў у Дзьвінску, ведаў усе слабыя бакі гэтай крэпасьці. Яна ўва многіх мясцох была зусім зруйнавана і ахоўвалася слабым гарнізонам. Апрача таго, крэпасьць магчыма было ўзяць хітрасьцю. Як раз у Дзьвінску магчыма было дастаць дазвол на рамонт касьцёлу на тэрыторыі самой крэпасьці. У якасьці рабочых трэба было паставіць на працу пераапрануты паўстанскі аддзел, які ў вызначаны час мог-бы зрабіць напад на крэпасьць знутры. У гэтым аддзелу дапамогуць політычныя вязьні крэпасьці, якіх у час нападу трэба вызваліць. Звонку нападуць на Дзьвінск паўстанскія аддзелы, што хаваюцца ў ваколічных лясох. Пасьля заняцьця Дзьвінску паўстанцы павінны будуць устанавіць сталыя зносіны з узьбярэжжам Балтыцкага мора, каб атрымліваць э захаду зброю морскім шляхам. Адзін транспорт зброі па атрыманых вестках ужо выплыў з Англіі пад начальствам нейкага Лапіцкага. Пецярбург будзе даваць паўстаньню камандны склад, а Заходняя Эўропа даставіць зброю, якую немагчыма было дастаць у вычарпальнай колькасьці праз Пецярбурскі Аддзел.

Сам З. Серакоўскі павінен быў стала заснавацца ў Жмудзі. Тут павінна быць галоўная кватэра начальніка ўзброеных паўстанскіх сіл, якая адыграе ролю як-бы зборнага месца для ўсіх паўстанскіх аддзелаў. Тут будзе формавацца рэгулярная армія паўстаньня. Спачуваньне паўстаньню жмудзкага сялянства дасьць магчымасьць у першыя часы прахарчаваць армію і папоўніць яе склад. Непраходныя лясы і балоты Жмудзі, што робяць гэтую краіну недаступнай, будуць абараняць формуючуюся паўстанскую армію ад нападу расійскага войска. Пасьля сформаваньня і навучаньня армія будзе выдзяляць з сябе паасобныя аддзелы для барацьбы з расійскімі войскамі ў іншых мясцовасьцях. Калі да гэтага дадаць, што Дзьвінская крэпасьць будзе ў руках паўстанцаў, то можна быць запэўненым, што паўстанская армія вытрымае націск расійскай арміі.

На ўсходзе трэба зьвярнуць увагу на Магілёўскую губэрню. Тут у Магілёве, знаходзіўся артылерыйскі парк і ў Горы-Горках Земляробскі Інстытут з дапаможнымі школамі. Па пляну трэба было захапіць гэтыя два пункты. У Горках студэнты Інстытуту і вучні дапаможных пры ім школ складаліся на 75% з палякаў і беларусоў, настроеных рэволюцыйна. Яны ўзмоцняць паўстанскі аддзел агітацый-